Рыхтуемся да перэгрынацыі фігуры Маці Божай Фацімскай разам з Catholic.by. Дзень пяты | Друк |
Усяго патроху
08.10.2016 09:00

На працягу дзевяці дзён, з 4 па 13 кастрычніка, на нашым сайце будуць публікавацца невялікія разважанні як падрыхтоўка да перэгрынацыі фігуры Маці Божай Фацімскай па парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Фігура фацімскай Панны, перэгрынацыя якой адбудзецца ў межах падрыхтоўкі да 100-годдзя фацімскіх аб'яўленняў, будзе асвячона 4 кастрычніка ў Фаціме Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам і дастаўлена ў Беларусь. Пасля заканчэння перэгрынацыі фігура будзе змешчана ў мінскай архікатэдры ў бочным алтары.

Дзень першы. Пачатак фацімскіх аб’яўленняў
Дзень другі. Благаслаўлёныя Францішак і Жасінта

Дзень трэці. Першая таямніца
Дзень чацвёрты. Другая таямніца

Дзень пяты. Першыя суботы месяца

Як мы ўжо ведаем, 13 ліпеня 1917 года адбылося трэцяе фацімскае аб’яўленне. Тады Маці Божая сказала: «Бог хоча ўстанавіць на зямлі набажэнства да Майго Беззаганнага Сэрца». Праз сем гадоў пасля заканчэння фацімскіх аб’яўленняў сястры Люцыі былі аб’яўлены ўмовы новага набажэнства.

Умовы перапрашэння Беззаганнага Сэрца Марыі

З намерам узнагароды за знявагі Беззаганнага Сэрца Марыі неабходна выканаць наступныя ўмовы:

  1. споведзь у першую суботу месяца;
  2. святая Камунія ў першую суботу месяца;
  3. Ружанец перапрашэння (5 таямніцаў).
  4. разважанне над таямніцай (15 хвілін).

Ці толькі ў першую суботу магчыма споведзь?

Такое пытанне ўзнікае ў многіх вернікаў. Узнікла яно і ў сястры Люцыі. Яна прадставіла Езусу цяжкасці, якія некаторыя душы перажываюць са споведдзю ў першыя суботы месяца, і прасіла, каб святая споведзь была важнай на працягу васьмі дзён. Езус адказаў: «Споведзь можа быць важнай і шмат даўжэй — з умовай, што людзі будуць у стане ласцы, калі будуць прымаць Мяне, і будуць мець намер узнагародзіць Беззаганнае Сэрца». 

Сястра Люцыя таксама падкрэслівала магчымасць пераносу набажэнства на нядзелю. Яна перадала словы Марыі: «Практыкаванне гэтага набажэнства ў нядзелю пасля першай суботы таксама будзе прынята, калі мае [Панны Марыі] святары па сур’ёзных прычынах дазволяць гэта душам».

Чаму менавіта пяць суботаў

Люцыя ўспамінала: «Ноччу з 29 на 30 мая 1930 года, калі я частку ночы правяла ў капліцы з нашым Панам і размаўляла з Ім пра чацвёртае і пятае пытанні, я нечакана адчула, як мяне агарнула Божая прысутнасць. Калі не памыляюся, мне было аб’яўлена наступнае: “Дачка мая, — сказаў Езус, — прычына простая. Гэта датычыць пяці відаў знявагаў і абразаў, якімі зневажаецца Беззаганнае Сэрца Марыі“». Затым Збаўца ўказаў на гэтыя знявагі:

  1. абраза Беззаганнага Зачацця;
  2. абраза Дзявоцтва Маці Божай;
  3. абраза Яе Божага Мацярынства;
  4. усе тыя знявагі, якімі імкнуцца адкрыта пасеяць у сэрцах дзяцей абыякавасць, пагарду і нават нянавісць да Беззаганнай Маці;
  5. блюзнерствы, якімі зневажаюць Маці Божую ў Яе святых выявах.

 

Мэта набажэнства

Набажэнства першых суботаў павінна абудзіць у нас прагу пастаяннага перапрашэння Бога і Беззаганнага Сэрца Марыі за грахі, блюзнерствы і абыякавасць людзей. Тыя, хто практыкуе набажэнства першых суботаў, павінны вучыцца жыць у духу штодзённага перапрашэння, прыклад якога нам даюць фацімскія дзеці.

Кс. Кірыл Бардонаў

 
© 2003-2022 Catholic.by