Рыхтуемся да перэгрынацыі фігуры Маці Божай Фацімскай разам з Catholic.by. Дзень восьмы | Друк |
Усяго патроху
11.10.2016 11:47

На працягу дзевяці дзён, з 4 па 13 кастрычніка, на нашым сайце будуць публікавацца невялікія разважанні як падрыхтоўка да перэгрынацыі фігуры Маці Божай Фацімскай па парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Фігура фацімскай Панны, перэгрынацыя якой адбудзецца ў межах падрыхтоўкі да 100-годдзя фацімскіх аб'яўленняў, будзе асвячона 4 кастрычніка ў Фаціме Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам і дастаўлена ў Беларусь. Пасля заканчэння перэгрынацыі фігура будзе змешчана ў мінскай архікатэдры ў бочным алтары.

Дзень першы. Пачатак фацімскіх аб’яўленняў
Дзень другі. Благаслаўлёныя Францішак і Жасінта

Дзень трэці. Першая таямніца
Дзень чацвёрты. Другая таямніца
Дзень пяты. Першыя суботы месяца
Дзень шосты. Лісты сястры Люцыі
Дзень сёмы. Трэцяя таямніца

Дзень восьмы. Новае пакаленне — новая перэгрынацыя

Сёлетняя перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай па каталіцкіх парафіях Беларусі адбываецца не першы раз. У 1998 г. Багародзіца ў вобразе фацімскай фігуры ўжо наведвала дамы беларусаў.

«Не зважаючы на няветлы сцюдзёны вецер, людзі цярпліва чакалі каля ўваходу ў катэдру. Ды вось нарэшце пад’ехала ўпрыгожаная майскімі кветкамі машына, і чатыры хлопцы вынеслі з яе фігуру Маці Божай Фацімскай. Людзі ўкленчылі проста на зямлі, у многіх на вачах свяціліся слёзы радасці — Маці Божая Фацімская наведала сталіцу Беларусі», — такімі словамі пачынаецца артыкул Ірыны Жарнасек у часопісе «Ave Maria» за 1998 г., прысвечаны перэгрынацыі фігуры Маці Божай Фацімскай па Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Прайшло 18 гадоў, у нашай краіне вырасла новае пакаленне вернікаў — і католікі Беларусі зноў маюць магчымасць такім натуральным чынам, праз прыняцце ў дамах фацімскай фігуры, сваім сэрцам прыхінуцца да Сэрца Марыі.

У апошняе дзесяцігоддзе XX ст., у гады аднаўлення супольнасці католікаў у Беларусі, людзям патрэбна была моцная падтрымка Панны Марыі. «Многія абяцалі выправіць сваё грэшнае жыццё, многія адмовіліся ад ужывання алкаголю, іншых кепскіх звычак, многія пасля доўгіх гадоў аддаленасці ад Бога прыйшлі да Яго са шчырым жалем за свае правіны», — сведчыць аўтар артыкула 18-гадовай даўніны. Сёння актуальнасць гэтых праблемаў не меншая. Нам зноў і зноў патрэбна апека, малітва, прыклад Багародзіцы.

Здаецца, зусім нядаўна праходзіла тая першая перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай, але многіх людзей, якія паспрыялі яе правядзенню, ужо няма з намі — гэта, між іншым, былы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі кардынал Казімір Свёнтэк і Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Дамінік Грушоўскі. Другая перэгрынацыя фацімскай фігуры, другое «малітоўнае чуванне» Панны Марыі з хрысціянамі Беларусі сведчыць пра тое, што пакаленні мяняюцца, Касцёл у Беларусі таксама ідзе дарогаю зменаў, а Марыя застаецца нашай Маці, якая так нам патрэбна!

Падчас першай перэгрынацыі фігура Маці Божай пабывала ў дамах вернікаў усёй Беларусі. На ўрачыстасці ў катэдры біскуп Аляксандр Кашкевіч дзяліўся сваімі перажываннямі:

«Гэты візіт Маці Божай да вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі змяніў жыццё многіх людзей і яшчэ больш наблізіў іх да Бога».

У той час, калі не так даўно адбыўся развал Савецкага Саюза, увесь свет быў узрушаны праўдзівасцю фацімскіх аб’яўленняў і спаўнення прароцтваў Панны Марыі, якія Яна агучыла траім пастушкам. Людзі сталі разумець, наколькі Бог блізкі да ўсіх падзеяў, праз якія праходзіць чалавецтва і кожны чалавек паасобку. Людзі ўбачылі, як моцна перажывае Марыя за сваіх дзяцей, з якой любоўю пра нас клапоціцца наш любячы Айцец.

«Пасланне Нябеснай Пані з Фацімы да гэтага часу застаецца надзённым. Ці не таму Маці Божая выбралася ў гэтую няблізкую пілігрымку па Беларусі напрыканцы XX стагоддзя? Ведаючы нашы расчараванні і беды, наш чарнобыльскі боль і горкі смутак бездухоўнасці, Яна ідзе ад касцёла да касцёла і заахвочвае людзей, што кленчаць перад Ёю, задумаца над сваім жыццём, наноў узважыць ягоныя каштоўнасці і рашуча прыняць пастанову стаць лепшымі, наблізіцца да Бога, бо ўсе беды можна перамагчы тады, калі чалавек змагаецца з імі не адзін, але ў лучнасці з Богам», — чытаем у артыкуле пра першую перэгрынацыю.

Наш дарагі кардынал Казімір Свёнтэк не сумняваўся ніколі, што давер да Марыі творыць цуды ў асабістым жыцці і жыцці Касцёла, грамадства. Калі мы будзем сустракаць фацімскую фігуру Марыі ўжо ў 2016–2017 годзе, няхай словы кардынала, сказаныя ім 18 гадоў таму падчас яе перэгрынацыі, знойдуць глыбокі водгук у нашым духоўным жыцці:

«Я перакананы, што гэтая пілігрымка Маці Божай Фацімскай у Яе фігуры ажывіць рэлігійнае жыццё краю, наблізіць людзей да Бога і паспрыяе збліжэнню ўсіх веравызнанняў... Хочацца спадзявацца, што Яна, Маці Божая з Фацімы, увойдзе не толькі ў нашыя касцёлы, але і ў нашыя сэрцы і пераменіць іх, і ўмацуе нашу веру, і раз’ясніць нашыя душы надзеяй на міласэрнасць Яе Боскага Сына...

Святая Марыя! Я як кіраўнік гэтай архідыяцэзіі сёння, калі Ты заняла сваё месца на троне ў мінскай архікатэдры, аддаю Табе поўную ўладу. <...> Аддаю Табе ўсе парафіі, усе святыні, капліцы, усіх святароў і законнікаў, увесь гэты верны Богу люд Божы. Будзь поўнай гаспадыняй ва ўсіх святынях і дамах».

Вольга Качалка, ave-maria.by

 
© 2003-2021 Catholic.by