Як жа гэта важна — сведчыць: думкі гледача на фестывалі «Магутны Божа» | Друк |
Усяго патроху
03.07.2017 17:12

Так атрымалася, што ў гэтым годзе абодва каталіцкія гурты падымаліся на сцэну фестываля «Магутны Божа» ў Магілёве ў вялікія касцёльныя святы. Laudans выступіў ва ўрачыстасць святых Пятра і Паўла, а евангелізацыйны музычны праект «Рыбы» выступіў у свята Маці Божай Будслаўскай.

Як па мне, там, на гэтай канцэртнай пляцоўцы, у гэты дзень адбыўся, можа, і маленькі, але ўсё ж такі цуд!

Пасля некалькіх спеваў сваім сведчаннем веры падзялілася удзельніца гурта «Рыбы» Алена Кот. Шмат разоў я была на гэтых канцэртах фестываля «Магутны Божа» ў разныя гады, таму з уласнага вопыту магу сказаць, што часта, калі ўдзельнікі іншых гуртоў пачыналі штосьці казаць са сцэны, праслаўляючы Бога, гэта неяк пужала моладзь, якая яшчэ не сустрэла Бога.

Хтосьці пачынаў смяяцца ў сваіх суполачках, хтосьці проста сыходзіў. Калі пачала прамаўляць Алена, скажу шчыра, я вельмі хвалявалася за яе, бо яна адкрывалася людзям, якія маглі вельмі па-рознаму адрэагаваць на гэта.

Спачатку так і было. Хлопцы гадоў па 16-17, якія былі недалёка ад мяне, спачатку пасмейваліся. Але не пайшлі далей — спыніліся, змоўклі і сталі слухаць. Мяне гэта ўразіла і я стала глядзець на рэакцыю іншых. Якое ж было маё здіўленне, калі я ўбачыла даволі шмат людзей, якія стаялі далей ад сцэны, сядзелі побач ў парку і… слухалі. Сапраўды слухалі! Людзі, якія проста ішлі па сваіх справах, спыняліся і таксама слухалі!

Для мяне гэта быў сапраўдны цуд! Я ўпершыню ўбачыла, як моцна Магілёў прагне жывога Бога. І чарговы раз убачыла моц сведчання.

На жаль, па тэхнічных прычынах арганізатары скарацілі выступ «Рыбаў», але нават за тыя паўгадзінкі, музыкі паспелі пасадзіць «духоўныя зярняткі», якія, спадзяюся, прыжывуцца і прынясуць плён.

Дзякаваць Богу, што на гэтай сцэне ў розны час ўжо выступалі  Ave, Laudans, «Рыбы».

Можа, гэта толькі мае меркаванне, але выступы каталіцкіх гуртоў на сцэне фестываля «Магутны Божа» вельмі важныя. Столькі людзей патрабуе Бога! І хто прынясе Яго святло, калі не кожны з нас?

«Рыбы» скончылі свой выступ самым галоўным заклікам «Любі! Госпада Бога Твайго ўслаўляй! Усім сэрцам Яго хвалі!»
Так і павінна быць. І наша задача як хрысціянаў гэтым дэвізам жыць.

Яна Шумская

 
© 2003-2024 Catholic.by