Час пераменаў | Друк |
Жыць з Богам. Старонка с. Нунэ Цітаян
15.02.2013 18:05

Благаслаўлёны перыяд Вялікага посту — часу пакаяння і міласэрнасці. Што ж такое пакаянне? Чалавеку, які не пабываў «на дне» граху, — гэтае слова не зразумела, як не зразумела яму і радасць сустрэчы, калі раней не перажыў боль расстання. Вялікі пост — час усведамлення, ачышчэння і вяртання… Час цудаў для тых, хто шчыры да болю, хто да глыбіні душы чакае пераменаў.

Дарагія чытачы, уявіце сабе самую глыбокую і цёмную яму, у якой вы пабывалі або якую бачылі ў сваім жыцці. Уявілі?.. Трагічнае, аднак, відовішча. Такі і грэх… Грэх — гэта заўсёды правал, хаця нам часам здаецца, што гэта — адзінае, правільнае выйсце з тупіку. Напрыклад, дабравольная стэрылізацыя, на якую згаджаюцца многія жанчыны, каб «свабодна» жыць палавым жыццём. «Годная» плата за «свабоду». Цікава, а каму «плацім»? Хто або што за ўсім гэтым стаіць? Нам здаецца, тое, што мы прыносім у ахвяру, таго каштуе… А каму канкрэтна прыносім у ахвяру забітых праз аборт дзяцей, цнатлівасць і чысціню, прыстойнасць і сяброўства? Хто або што за ўсім гэтым стаіць? Грэх асляпляе нас, пазбаўляе розуму і годнасці, робіць нячыстымі і ізалюе нас эмацыйна, духоўна і сацыяльна. Кожны з нас можа напісаць сваю гісторыю «мой вопыт граху», але адно ў нас будзе агульнае — фатальны канец, непазбежнае расчараванне, прысмак горычы і адчуванне тупіку. Кожны з нас пабываў «на дне». Пасля ўчыненага кожны з нас зразумеў, што ўсё тое, чаго мы так палка дабіваліся, не каштавала тых ахвяр, на якія мы пайшлі. У гэтым мне прызналася жанчына, якая забіла праз аборт сваё дзіця; аб гэтым мне сказаў мужчына, які адпомсціў за сваю сястру, аб гэтым кажу вам я — чалавек грэшны. Цана, якую мы заплацілі, аказалася вельмі завышанай, мы больш згубілі, чым набылі. Я ведаю, што аб гэтым можа сказаць кожны з вас, бо мы ўсе грэшнікі, і ўсе мы пазбаўлены Божай ласкі — гэта праўда пра кожнага з нас, і гэтая праўда прывяла Езуса на крыж. І ўсё ж: што такое пакаянне? У чым яго сэнс? Для мяне пакаянне — гэта пяць выратавальных крокаў насустрач да свабоды.

Першы крок. Рахунак сумлення.

У пачатку святой Імшы мы прызнаём перад Панам Богам, што мы — грэшнікі, што мы зграшылі думкай, словам, учынкам і занядбаннем. Кульмінацыйным момантам з’яўляецца вельмі просты жэст — мы тройчы б’ем сябе ў грудзі і кажам: «Мая віна, мая віна, мая вельмі вялікая віна». Уявіце сабе, калі б у касцёле падчас гэтага публічнага акту пакаяння кожны з нас выгаворваў іншаму яго віну, г. зн. біў суседа ў грудзі і крычаў «твая віна», уявіце сабе, што б рабілася ў касцёле… А ў жыцці ж атрымліваецца менавіта так: нам прасцей бачыць памылкі і слабасці іншых людзей, чым усвядоміць сваю віну. І ў гэтым заключаецца глухі тупік, у які мы сябе і іншых заганяем. Нам неабходна ўсвядоміць сваю віну, у чым заключаецца «мая асабістая віна» (ну і што з таго, што мяне «справакавалі», «давялі», а можа, проста адкрылі маё сапраўднае «я», якога я саромеюся, хаваю і падаўляю ў сабе?). Знайдзіце адказ самі на гэтае пытанне…

Такім чынам, першы крок — гэта ўсведамленне сваёй віны, сустрэча тварам у твар са сваім грахом.

Другі крок. Шчыры жаль за грахі.

Другі крок насустрач да свабоды з нашай даўгавой ямы — гэта шчыры жаль за ўчыненае зло. Трэба прызнаць, што пачуццё жалю нясе ў сабе вельмі розныя адценні. Некаторыя шкадуюць, таму што баяцца кары, пакарання. А некаторыя нават і не разумеюць, што значыць — шкадаваць. Асабліва цяжка гэтаму навучыць сучасную моладзь. Легенда кажа аб тым, што аднойчы ў канфесіянал да святара прыйшоў спавядацца ў чалавечым абліччы д’ябал. Ён шчыра і скрупулёзна распавядаў святару ўсё, што ён здзейсніў, нічога не схаваў. Калі ж святар спытаў у яго: «Ці шкадуеш ты за свае грахі?», той адказаў: «Не, мне падабаецца зло, я люблю чыніць зло». Усё зразумеўшы, святар выгнаў яго з касцёла. Што для нас зло? Слабасць? Пакутлівае задавальненне? Выйсце з тупіку? Здзелка? Кампраміс? Здрада? Боль? Сорам? Цемра? Смерць? Што для цябе грэх? Паглядзі на ўкрыжаваную Любоў, і калі ты дазволіш ёй увайсці ў тваё сэрца, тады зразумееш усю разбуральную, смертаносную сілу граху. І тады гэтая праўда, якая ёсць Божая любоў, скрушыць тваё сэрца, і ты зразумееш, што ж усё ж такі значыць шчыры жаль за грахі.

Такім чынам, другі крок — шчыра шкадую за свае грахі, таму што люблю Бога і адчуваю агіду да граху, які я ўчыніў.

Трэці крок. Цвёрды намер выправіцца.

На катэхізацыі гэты крок каротка і выразна прадставіла мая вучаніца Аня. Яна сказала: трэба паставіць тлустую кропку і больш не вяртацца ў дом граху — у гэтым заключаецца сэнс цвёрдага намеру больш не грашыць. Хто сур’ёзна ставіцца да сакрамэнту пакаяння і мае вопыт духоўнага жыцця, разумее ўсю адказнасць трэцяга кроку. Мы можам прызнаць сваю віну, шчыра шкадаваць, разумець, што мы чынім зло, але для многіх з нас прыняць цвёрдае рашэнне больш не грашыць — гэта нешта з вобласці нерэальнага, немагчымага… А я адкажу: Богу патрэбны наш шчыры, цвёрды намер выпраўляцца… Ён з намі, і Ён сам дае нам аздараўляючую ласку. Ён сам хоча збаўляць і вызваляць нас. Акуніцеся ў сэнс гэтай прапановы. Зразумейце яе правільна, Бог не патрабуе ад нас немагчымага. Ён хоча, каб мы пастаянна, нястомна звярталіся да Яго ўсім сваім сэрцам, і гэта працэс, які доўжыцца ўсё жыццё. Самае галоўнае, каб мы здзяйснялі канкрэтныя дзеянні, якія выяўляюць наш цвёрды намер больш не грашыць. На гэтым шляху будуць падзенні, але наш цвёрды намер больш не грашыць будзе даваць нам неабходную сілу для барацьбы з грахом. Раскаяцца — гэта адно, а выправіцца — зусім іншае. Многія хрысціяне не могуць пераадолець гэты трэці ўзровень і таму ніколі не могуць да канца адчуць тую навізну і свабоду, якую дае Пакаянне.

Чацвёрты крок. Шчырая споведзь.

Калі ласка, заўсёды называйце рэчы сваімі імёнамі. Споведзь павінна быць поўнай і шчырай. Поўнай — кажам усе і прытым толькі свае грахі. Шчырай — кажам усё па сутнасці, як ёсць, без макіяжу і хітрыкаў.

Пяты крок. Кампенсацыя Богу і бліжняму за грахі.

Кампенсацыя ўрону за ўчынены грэх — гэта крок для сталых і адказных людзей. Многія з нас абмяжоўваюцца выкананнем малітоўнай пакуты, якую наклаў на нас святар. А на самой справе трэба яшчэ канкрэтна кампенсаваць урон бліжняму за ўчыненае зло. Успомнім мытніка Закхея, які тым, «каго чым пакрыўдзіў», аддаў у чатыры разы. А як выглядае наша кампенсацыя ўрону за ўчынены грэх? Ці дачакаюцца ад нас нашы бліжнія хаця б простага прызнання: «Прабач, я была не права. Пастараюся больш так не паступаць»?

Вось пяць крокаў пакаяння, якія вядуць нас да свабоды. Калі мы з вамі захочам абысці хаця б адзін з гэтых крокаў, мы не дасягнем свабоды, мы зноў правалімся ў бездань граху. Немагчыма прайсці шлях пакаяння без гэтых пяці крокаў — яны вяртаюць нам страчанае сыноўства і годнасць дзяцей Божых.

С. Нунэ Цітаян MSF

 
© 2003-2024 Catholic.by