Памятай і святкуй | Друк |
Жыць з Богам. Старонка с. Нунэ Цітаян
22.05.2015 17:25

Для нас, хрысціян, нядзеля – дзень сапраўднай перамогі, які не “порохом пропах”, але крывёю нашага Бога і Збаўцы – Езуса Хрыста. Шмат перамог здабыло чалавецтва на працягу сваёй шматгадовай гісторыі, але перамога Хрыста асаблівая, плёны яе невычэрпныя і вечныя. Яна незвычайная, таму што атрымана не над іншым чалавекам або народам, а над калектыўным і індывідуальным злом. Езус перамог корань зла, яго смяротныя наступствы і самага непераможнага ворага чалавека – смерць. Што характэрна: плёны Хрыстовай перамогі з часам не страчваюць сваёй актуальнасці і моцы, а яшчэ больш набліжаюць нас, якія вераць у Яго, да ўсеагульнай і асабістай перамогі над злом, у якой мы з вамі ўдзельнічаем. І калі хтосьці думае, што вера – гэта не барацьба, той глыбока памыляецца. Нашы маленькія і вялікія перамогі незабыўныя для нас. Яны напаўняюць нашы сэрцы гонарам за праяўленую мужнасць і гераізм і навяваюць ціхі сум і журбу аб тых, хто не змог раздзяліць з намі радасць перамогі, аб тых, якія сталі цаной перамогі. Хрыстус запрашае нас прыняць удзел, раздзяліць з Ім радасць перамогі – памятаць дзень Панскі, асвячаць, святкаваць дзень нашага збаўлення. Як жа Езус здабыў перамогу? Сваім уваскрасеннем. Ён прайшоў праз усе выпрабаванні. Ён, Усемагутны Бог, прыняў чалавечы ўдзел – смерць, і самае неверагоднае – Ён вярнуўся адтуль, адкуль яшчэ ніхто не вяртаўся. Ён перамог смерць – Ён уваскрос. Езус паказаў: Божае жыццё вечнае.

Думка пра смерць кідае чалавека ў крайнасці. Мы жывем пад ценем няўмольнага памірання. Некаторыя з нас, як неразумны багаты чалавек з прыпавесці Езуса, збіраюць, назапашваюць, суміруюць, а потым яшчэ дадаюць, пералічваюць і баязліва захоўваюць свае багацці, думаючы аб тым, што яны несмяротныя: “Душа, шмат дабра ў цябе ляжыць на многія гады. Адпачывай, еш, пі і весяліся” (Лк 12, 19), але ў адзін цудоўны дзень чалавек чуе: “Неразумны! Гэтай жа ноччу забяруць душу тваю ў цябе. Каму ж дастанецца тое, што ты нарыхтаваў?” (Лк 12, 20). “Так бывае з тым, хто збірае сабе скарбы, а не багацее перад Богам” (Лк 12, 21). Наша грамадства апантана жаданнем валодаць, мець, атрымліваць задавальненне, а не быць. Жаданне валодання матэрыяльнымі дабротамі настолькі моцнае, што яно імкнецца валодаць не толькі рэчамі, уласнасцю, але нават людзьмі і праўдай. Культура, якая кіруецца меркантылізмам, як зараз, непазбежна арыентавана на валоданне, гэта ўжо прывяло нас да незадаволенасці і спусташэння. Чым больш мы багатыя, тым больш ненасытныя і незадаволеныя. Дух нашага грамадства адлюстроўваецца ў пытаннях дзяцей. Калі мы з імі абмяркоўваем трэцюю Божую запаведзь, для іх самае хвалюючае пытанне: што з’яўляецца абавязковай працай, якую можна выконваць у нядзелю, а што – неабавязковай?.. Гэтаму пытанню я прысвячаю ўвесь урок. Мяне радуе, што малодшае пакаленне хоча ведаць Божую Задуму, але ці споўніць яно яе? Які прыклад мы ім даем? “Бог бульбы” дазваляе па нядзелях саджаць бульбу? “Бог рынку” дазваляе па нядзелях гандляваць? “Бог дастатку” дазваляе па нядзелях працаваць? Што з’яўляецца абавязковай працай у кантэксце нашай веры, хрысціянскіх каштоўнасцяў і прынцыпаў, згодна з якімі мы жывем? Зноў пытанне датычыцца нашай веры. Вера – гэта пастаянны пошук, а нам бы хацелася гатовых адказаў і стандартаў, якія вызвалілі б нас ад ярма выбару і адказнасці.

 

Езус многаму вучыць нас у прыпавесцях. Мяне ўразіла прыпавесць пра злых вінаградараў. Памятаю, як, дзякуючы гэтай прыпавесці, я зразумела, наколькі адрозніваецца наша чалавечае мысленне ад мыслення Бога. Наш Бог – Гаспадар дому – нашай зямлі, уладкаваў у літаральным сэнсе слова ўсё, як належыць, для таго, каб мы маглі свабодна жыць і радавацца плёнам нашай сумеснай працы. Евангеліст Мацвей выкарыстоўвае такія словы: “Гаспадар дому, які пасадзіў вінаграднік, абнёс яго агароджай, выкапаў у ім давіла, пабудаваў вежу ды, аддаўшы яго вінаградарам, паехаў” (Мц 21, 33). Паглядзіце, колькі Гаспадар дому зрабіў (ключавыя дзеясловы): пасадзіў – стварыў, абнёс агароджай – абараніў, выкапаў давіла, пабудаваў вежу – усё прадумаў да дробязяў, каб мы маглі годна жыць і ствараць, аддаў яе нам і паехаў – даверыўся нам, пакінуў усё пад нашу адказнасць. Бог клапоціцца аб нашым дабрабыце. Здавалася б, чаго яшчэ. У нас усё ёсць, мноства магчымасцяў. Бог нам давярае, Ён абараняе і клапоціцца пра нас. Нам жа засталося добрасумленна працаваць, радавацца дабрабыту і аддаваць Пану Богу належную Яму хвалу. Але не, грэх пакінуў у нас рану недаверу і ненасытнасці, яна, як іржа, раз’ядае нас знутры, спустошваючы, выліваецца ў няўдзячнасць – абуральную несправядлівасць. Чалавецтва, сваімі сіламі, ніколі не завалодае спадчынай Пана, як бы яно ні старалася. Нам не хочацца аддаваць Богу Божае; не працуючы на дабро сабе, мы кажам свету: “Мы давяраем Богу, Ён Гаспадар зямлі, мы ўсё атрымліваем ад Яго і Яму аддаем належную хвалу. Бог – наша багацце, Ён – наша мінулае, цяперашняе і будучыня”. Без благаслаўлення Божага мы не зможам нічога, нас не насыцяць багацці ўсяго свету, наша сэрца большае за свет, яно здольнае ўмясціць самога Пана Бога. Мы баімся сітуацый, у якіх адчуваем сябе ўразлівымі і безабароннымі. Менавіта такія сітуацыі паказваюць наша сапраўднае аблічча, якога мы саромеемся і таму старанна хаваем. На самой справе, дзень Панскі напаўняе наша сэрца надзеяй, Бог клапоціцца пра нас і ніколі не перастане гэтага рабіць. Бог заўсёды ідзе далей за тое, што мы бачым або ўяўляем сабе. Ён разумее нашы патрэбы і трывогі, Ён становіцца нашай Ежай. Мы, хрысціяне, кормімся Богам, Яго Словам, Целам і Крывёю. Мы ўсе пакліканыя на вячэру Любові, але толькі выбраныя прыходзяць, каб далучыцца да Святога, напоўніцца сілай і радасцю, насыціцца супакоем – адпачыць у Богу. Эўхарыстыя з’яўляецца сэрцам уваскрасення, сустрэчай з Уваскрослым Панам, які хоча нас умацаваць у веры і рашучасці кіравацца Божай задумай, надае нам новыя сілы, каб у Хрысце – Сыне Божым – стаць спадкаемцамі нябесных дабротаў. Эўхарыстыя з’яўляецца лекамі на нашы раны.

 

Часта многія хрысціяне, якія ўдзельнічаюць у нядзельнай Эўхарыстыі, да канца не ўсведамляюць яе сілы і значнасці. Толькі ўсвядомленая вера дзейсная і прыносіць плёны. Эўхарыстыя з’яўляецца супрацьяддзем ад атруты шатана, ад таксічных наступстваў грахоў, як нашых, так і бліжніх. Я задаю часта сабе пытанне: чаму я люблю ўскладняць? Чаму мы шукаем больш складаныя адказы, чым тыя, якія ляжаць на паверхні і відавочныя? Чаму нам здаецца, што “па-мойму” лепш? Хаця і не хочацца браць адказнасці за наступствы. Езус стаў для нас Ахвярай. Ён узяў на Сябе ўсю адказнасць за грахі і віну. Езус не скарыўся пад іх цяжарам, але трывала і годна перанёс іх, дазволіў ім расплюшчыць Сябе, каб адкрылася тое, што перавышае наша разуменне, – Хвалу Уваскрасення. У веры трэба дайсці да межаў чалавечых магчымасцяў, каб адкрыліся вечныя небасхілы боскага. Уваскрасенне – неабходная і годная паўза ў жыцці кожнага з нас, каб мы нанова змаглі ўсвядоміць тое, што з намі адбылося, і тое, што важнае і па-сапраўднаму дарагое для нас, – Бог, сям’я і бліжні. Нядзеля – гэта дзень трыумфу пераможцаў. Нядзеля – гэта асаблівы дзень, калі мы дакранаемся і становімся прыналежнымі да Святога Бога, нашага Збаўцы. Кожная запаведзь утрымлівае ў сабе пэўны заклік да дзеяння: першая – не май іншых багоў, другая – не ўжывай імя Пана Бога твайго дарэмна, а трэцяя – памятай, што ты павінен святкаваць святыя дні. Два дзеясловы: памятай і святкуй. Памяць, якая выражаецца ў святкаванні. Памятай Бога і ўсё, што Ён зрабіў дзеля твайго збаўлення, але няхай твая памяць не будзе толькі кароткім успамінам пра мінулае, таму што Бог збаўляе цябе сёння і зараз. Няхай памяць твая будзе дзейснай і выражаецца ў прысвячэнні Пану Богу нядзельнага дня!

Мы, хрысціяне, можам дапамагчы свету не скандальнымі выкрываннямі, папрокамі і асуджэннем, але з пачуццём уласнай годнасці дзяліцца плёнамі дзейснай і збаўчай веры. Жыць у згодзе са сваёй верай, быць радаснымі сведкамі Хрыстовага Евангелля. Няхай за нас гавораць нашы ўчынкі – гэта самае пераканаўчае сведчанне.

С. Нунэ Цітаян MSF

 
© 2003-2024 Catholic.by