Цяжкія старонкі Святога Пісання: Айцом называйце толькі Бога | Друк |
Цяжкія старонкі Святога Пісання
23.06.2017 12:40

Раман з Мінска цікавіцца: «Чаму Хрыстус сказаў: “Вы ж не дазваляйце называць сябе “настаўнік”, бо адзін у вас Настаўнік, а ўсе вы — браты. І айцом вашым не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Айцец Нябесны”. Але ж мы ўжываем гэтыя словы?»

У гэтым фрагменце з Евангелля паводле Мацвея Езус кажа да натоўпаў і вучняў, апісваючы дзейнасць і ролю фарысеяў і кніжнікаў (гл. Мц 23, 1–12). Потым дае вучням настаўленне, пасля чаго звяртаецца да кніжнікаў і фарысеяў: «Гора вам...»

У сваім настаўленні Езус звяртаецца да вучняў, каб яны не наследавалі тых «настаўнікаў», якія любяць тытулы, ды перасцерагае, каб не было падобнага сярод вучняў. Езус кажа: «Бо яны гавораць і не робяць. Таму што яны звязваюць цяжкія і непасільныя ношы і ўскладаюць на плечы людзей, а самі не хочуць і пальцам крануць іх. Усе ж учынкі свае робяць яны дзеля таго, каб паказацца людзям. Яны пашыраюць філактэрыі. Любяць першыя месцы на гасцінах і першыя свае і павялічваюць махры лавы ў сінагогах, і прывітанні на рынках, і каб людзі называлі іх “Раббі”».

У гэтым фрагменце Езус асуджае фальшывасць і крывадушнасць: кажуць — і не робяць; звязваюць цяжкія ношы, а самі да іх не дакранаюцца, учынкі робяць напаказ, пашыраюць філактэрыі, павялічваюць махры — усё дзеля таго, каб паказацца людзям. Акрамя гэтага любяць і хочуць, каб усе паважалі іх. Ва ўсім гэтым праяўляецца велізарная пыха. «Раббі» літаральна азначае «мой вялікі» або настаўнік. І ад такіх «настаўнікаў» перасцерагае Езус сваіх слухачоў, а вучням дае зразумець, што ў Касцёле так быць не павінна.

Пад словам «айцец» («айцом вашым не называйце нікога на зямлі») хутчэй разумеецца настаўнік. У рукапісах сярэдзіны І ст. н. э. некаторых кніжнікаў і паважаных людзей называлі Абба — айцец. У рабінскіх пісаннях у І і ІІ стст. слова «Абба» знаходзілася перад іменем рабіна. Таксама ў старажытных культурах «ойча» ўжывалася пры звароце да старэйшых асоб, што можна разумець як выраз павагі, а не як тытул. Чаму ж Езус наказвае вучням не дазваляць называць сябе Раббі? Калі звярнуць увагу на тое, што «Абба» або «Раббі» быў тым, хто вядзе да дасканаласці і збаўлення, то перасцярога Езуса становіцца цалкам зразумелай: толькі Езус з’яўляецца адзіным Настаўнікам Божага Валадарства, а іншыя — настаўнікі з маленькай літары, якія перадаюць навучанне Езуса.

 

У Святым Пісанні слова «айцец» сустракаецца ў адносінах да Абрагама (гл. Лк 1, 73; Лк 16), да Ільі (гл. 2 Вал 6, 21; 13, 14). Апостал Павел у першым пасланні да Карынцянаў (гл. 1 Кар 4, 15) піша, што з’яўляецца айцом, таму што нарадзіў сваіх слухачоў праз Евангелле ў Езусе Хрысце. У першым пасланні да Цімафея (гл. Цім 2, 7) Павел называе сябе настаўнікам язычнікаў.

Сёння, калі мы называем кагосьці духоўным айцом, то робім гэта з павагі да асобы, і такі зварот мае фігуральнае значэнне, гэта не тытул. З першых вякоў хрысціянства нам вядома назва «айцы пустыні». Так іх называюць з павагі за глыбокае духоўнае жыццё. Аднак гэтыя асобы заўсёды вылучаліся пакорай і сціпласцю, няглядзячы на тое, што іх прасілі аб духоўным кіраўніцтве, прасілі аб парадзе. Яны былі «настаўнікамі», але самі сябе такімі не лічылі.

Веліч чалавека не асноўваецца на тым, колькі і якія тытулы ён мае. Яна заключаецца ў тым, наколькі ён з’яднаны з Богам. А фарысеі і кніжнікі прагнулі, каб іх такімі і бачылі. А гэта менавіта тое, што асуджае Езус: выхвалянне, крывадушнасць, фальшывасць, узношванне сябе над іншымі, надаванне сабе тытулаў. Тое самае трэба аднесці і да Касцёла.

Думаю, калі ўважліва прачытаць увесь фрагмент і прыгледзецца да гістарычнага фону, пытанне становіцца зразумелым.

ф Мц 23, 1–13

Езус прамовіў да народа і вучняў сваіх, такімі словамі:

Пасад Майсея занялі кніжнікі і фарысеі. Таму ўсё, што скажуць вам, рабіце і захоўвайце, але не рабіце паводле ўчынкаў іхніх. Бо яны гавораць і не робяць. Таму што яны звязваюць цяжкія і непасільныя ношы і ўскладаюць на плечы людзей, а самі не хочуць і пальцам крануць іх. Усе ж учынкі свае робяць яны дзеля таго, каб паказацца людзям. Яны пашыраюць філактэрыі. Любяць першыя месцы на гасцінах і першыя свае і павялічваюць махры лавы ў сінагогах, і прывітанні на рынках, і каб людзі называлі іх «Раббі».

Вы ж не дазваляйце называць сябе «настаўнік», бо адзін у вас Настаўнік, а ўсе вы — браты. І айцом вашым не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Айцец Нябесны. I не дазваляйце называць сябе кіраўнікамі, бо адзін у вас Кіраўнік — Хрыстус. Большы з вас няхай будзе слугою для вас. Бо той, хто ўзвышае сябе, прыніжаны будзе, а той, хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны.
Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі...

Кс. Валдзіс Дрыксна

fКсёндз Валдзіс Дрыксна, святар Ліепайскай дыяцэзіі (Латвія), дактарант Інстытута Біблейскіх Навук Люблінскага Каталіцкага ўніверсітэта св. Яна Паўла ІІ.

Калі ў вас ёсць пытанні, якія датычаць Святога Пісання, дасылайце іх на адрас Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript . У тэме ліста пазначце: «Цяжкія старонкі Бібліі».

 
© 2003-2024 Catholic.by