Прынцыпы сацыяльнага вучэння Каталіцкага Касцёла | Друк |
Сацыяльнае вучэнне Каталіцкага Касцёла
27.05.2014 10:34

Гаворачы пра сутнасць і характар сацыяльнага вучэння Касцёла, мы адзначылі, што гэта не статычны кодэкс сацыяльных норм, але гэтае вучэнне знаходзіцца ў пастаянным развіцці і дапрацоўцы. Існуе нязменная трывалая база, але са з’яўленнем новых рэалій, кантэкстаў Касцёл шукае і дае адказ таксама на новыя пытанні. Вось пра гэтую нязменную базу пойдзе гаворка сёння.

Асновай каталіцкага сацыяльнага вучэння з’яўляюцца пастаянныя прынцыпы. Гэта своеасаблівыя арыенціры  для тлумачэння і ацэнкі грамадскіх з’яваў, а таксама дзейнасці ў любым асяроддзі.  

Яны маюць агульны характар і датычаць комплесу сацыяльных з’яў - пачынаючы ад асабістых адносін і да сфер палітыкі, эканомікі, права, міжнародных рэалій, інтэрнацыянальнай супольнасці. Разглядаюцца прынцыпы толькі ў адзінстве, узаемасувязі і сучляненні.

Іх шэсць. Разгледзім кожны па парадку.

• Прынцып годнасці чалавечай асобы.
Усё сацыяльнае вучэнне будуецца на прынцыпе, які сцвярджае непарушную годнасць чалавечай асобы і сканцэнтраваны на асобе чалавека – бясспрэчным пратаганісце ад моманту зачацця і да натуральнай смерці. Касцёл шматразова і многімі спосабамі даваў аўтарытэтнае тлумачэнне гэтай праўды, прызнаючыся і пацвярджаючы цэнтральнае месца чалавечай асобы ў кожным асяроддзі і ў кожным праяўленні сацыяльнасці.

• Прынцып агульнага дабра

Гэты прынцып вынікае з папярэдняга, да якога павінен быць аднесены кожны аспект грамадскага жыцця, каб набыць свой поўны сэнс.
Азначэнне, якое падае Кампендый сацыяльнага вучэння Касцёла, наступнае:
Агульнае дабро – гэта не проста сума прыватных дабротаў кожнага суб’екта грамадства ў вымярэнні сацыяльнага арганізма. Будучы дабром усіх і кожнага, яно з’яўляецца і застаецца агульным. Паколькі яно не непадзельнае і толькі разам можна яго дасягнуць, павялічыць і захаваць, у тым ліку і на будучае.

• Прынцып усеагульнага прызначэння дабротаў

Гэты прынцып заснаваны на тым, што “першай крыніцай усяго, што добрае, з’яўляецца само дзеянне Бога, які стварыў неба і зямлю і чалавека, і які даў чалавеку зямлю, каб сваёй працай ён падпарадкоўваў яе сабе і карыстаўся яе пладамі” (пар. Быц 1, 28 – 29). Тут закладзены падставы для ўсеагульнага прызначэння дабротаў зямлі. Таму прынцып усеагульнага прызначэння зямных дабротаў ляжыць у аснове ўсеагульнага права на карыстанне дабротамі.

Усеагульнае прызначэнне дабротаў патрабуе агульнага намагання, скіраванага на стварэнне кожнай асобе і ўсім народам умоваў, неабходных для цэласнага развіцця, каб усе маглі ўнесці свой уклад у будаўніцтва больш чалавечага свету.

• Прынцып субсідыярнасці

Азначэнне гэтага прынцыпу з’явілася яшчэ ў першай сацыяльнай энцыкліцы Каталіцкага Касцёла. Згодна з гэтым прынцыпам усе больш развітыя супольнасці павінны аказваць дапамогу (“subsidium”) менш развітым – гэта значыць падтрымліваць іх, умацоўваць і развіваць. Ёсць пазітыўнае праяўленне гэтай дапамогі, але Касцёл папярэджвае што дзяржава павінна ўстрымлівацца ад негатыўнай праявы “дапамогі”, ад фактычнага абмяжоўвання меншых базавых грамадскіх інстытутаў. Іх свабода, ініцыятыва і адказнасць не павінны парушацца.

• Удзел

Вынікам субсідыярнасці з’яўляецца ўдзел, сутнасць якога адлюстроўваецца ў разнастайнай дзейнасці, дзякуючы якой грамадзяне – паасобна альбо супольна – уносяць уклад у культурнае, эканамічнае, грамадскае і палітычнае жыццё грамадскай супольнасці, да якой належаць. Удзел з’яўляецца абавязкам, які ўсе павінны выконваць свядома, адказна і з улікам агульнага дабра.

• Прынцып салідарнасці

Салідарнасць асаблівым чынам адлюстроўвае сацыяльную прыроду, уласцівую чалавечай асобе, а таксама роўнасць усіх у годнасці і правах і агульны шлях людзей і народаў да ўсё больш трывалага адзінства.

Салідарнасць трэба разумець перш за ўсё як сацыяльны прынцып, які арганізуе грамадскія інстытуты, гэта таксама і сапраўдная маральная цнота, а не толькі нейкае неакрэсленае пачуццё спачування ці няшчыры жаль пры бачанні бедаў столькіх людзей, блізкіх ці далёкіх. Наадварот, салідарнасць – гэта моцная і рашучая воля імкнуцца да агульнага дабра, да дабра ўсіх і кожнага, каб усе адказвалі за ўсіх.

Ганна Страшкевіч

 
© 2003-2024 Catholic.by