У нядзелю ў касцёлах Беларусі адбылося асвячэнне аўтамабіляў і благаслаўленне вадзіцеляў | Друк |
Беларусь
26.07.2010 10:54

25 ліпеня, у нядзелю, Касцёл успамінае св. апостала Якуба і св. Крыштафа. Святы Крыштаф з’яўляецца апекуном вадзіцеляў, падарожнікаў і пілігрымаў, а яго імя з грэч. christophoros азначае «той, які нёс Хрыста». У гэты дзень у касцёлах Беларусі адбылося асвячэнне машын і благаслаўленне вадзіцеляў.

Як апавядае паданне, аднойчы пасля цяжкага працоўнага дня Крыштаф адпачываў. Разбудзіў яго голас дзіцяці, якое прасіла, каб яго перанеслі на другі бераг ракі. Крыштаф, які быў вельмі дужы, падхапіўся, узяў у рукі свой кій, які служыў яму падпораю пры пераходзе праз раку, пасадзіў на плячо дзіцятка і ступіў у ваду. Але з кожным крокам ноша станавілася ўсё цяжэйшай. Нарэшце Крыштаф не стрымаўся і спытаў: «Хто ты?». У адказ пачуў: «Я — Езус, твой Збавіцель. Несучы Мяне, ты нясеш увесь свет, бо Я — той, хто яго стварыў. Я з’яўляюся тваім Валадаром, якому ты тут служыш. А каб ты пераканаўся, што ўсё сказанае Мною, — праўда, калі вернешся, убі свой посах у зямлю — ты ўбачыш, як прыгожа ён заквітнее». Менавіта гэтая легенда натхняе мастакоў, якія малююць часцей за ўсё св. Крыштафа з Дзіцяткам Езус на плячах.

Магчыма, Езус паведаміў Крыштафу пра мучаніцкую смерць, якая яго чакае. З гэтага моманту св. Крыштаф вёў жыццё, поўнае пакаяння, аскезы, а таксама вучыў людзей веры ў Хрыста, пацвярджаючы сваё вучэнне цудамі, адным з якіх быў цуд з посахам. Ён насіў посах з сабою, а калі ўтыкаў яго ў зямлю — той зацвітаў. У канцы зямнога жыцця Крыштаф вяртаецца ў родныя мясціны, у Лікію (цяпер — паўднёвая Турцыя), дзе падтрымлівае хрысціян, якіх жорстка пераследавалі, чыніў цуды і перанёс мучаніцтва.

Св. Крыштаф лічыцца заступнікам ад неспадзяванай смерці, апекуном вадзіцеляў, маракоў, падарожнікаў, пілігрымаў, а таксама атлетаў, шахцёраў, шукальнікаў скарбаў, садоўнікаў, прадаўцоў гародніны, дзяцей; сродкаў камунікацыі; да яго звяртаюцца пры эпідэміях чумы і іншых заразных хвароб, пры пагрозе стыхіі агню і вады, засухі, буры і граду, пры хваробах вачэй, пры зубным болю, пры раненнях. Святога Крыштафа залічваюць таксама да 14 заступнікаў у цяжкіх жыццёвых абставінах.

Нягледзячы на тое, што ў нашай краіне, згодна з дадзенымі інфармацыйных агенцтваў, назіраецца зніжэнне колькасці дарожна-транспартных здарэнняў (у гэтым годзе іх на 13,1% менш, чым у мінулым), на дарогах Беларусі ўсё яшчэ гінуць тысячы чалавек. Каб супрацьстаяць гэтаму, «свецкія і касцёльныя структуры павінны лепш каардынаваць энергію і сродкі, прапагандуючы годнасць чалавека таксама як карыстальніка дарог», — чытаем у дакуменце «Указанні аб душпастырстве вуліцы» (2007 г.) Папскай рады пастырства эмігрантаў і падарожнікаў. Дакумент уключае таксама «дэкалог вадзіцеля» — правілы, якімі павінен кіравацца кожны вадзіцель-хрысціянін, сярод якіх — «з любоўю пераконвай вадзіцеляў не сядаць за руль, калі яны не ў стане кіраваць аўтамабілем», «аказвай падтрымку сем’ям ахвяраў дарожна-транспартных здарэнняў», «на дарозе аберагай слабейшага» і інш.

Малітва вадзіцеля

Божа, дай мне ўпэўненую руку і зоркае вока, каб я нікому не прычыніў шкоды ў дарозе. Даўца жыцця, не дазволь, каб я стаў прычынаю смерці альбо прычынаю калецтва тых, каму Ты даў жыццё. Захавай, Пане, ад няшчасных выпадкаў тых, хто падарожнічае са мною. Навучы мяне карыстацца аўтамабілем для дабра маіх бліжніх і стрымай спакусу празмернай хуткасці. Учыні, каб хараство свету, створанага Табою, і радасць Тваёй ласкі заўсёды мне спадарожнічалі. Амэн.

 
© 2003-2024 Catholic.by