Пра дзейнасць руху сем’яў «Equipes Notre-Dame» у Беларусі цяпер і ў Інтэрнэце | Друк |
Беларусь
23.02.2011 16:44
У Беларусі існуюць некалькі рухаў для сем’яў, якія ставяць на мэце дапамагчы сужонкам ва ўсёй паўнаце перажываць сакрамэнт сужэнства. Адным з іх з’яўляецца рух «Equipes Notre-Dame» (супольнасць Маці Божай). З дзейнасцю супольнасці, навінамі і аб’явамі руху цяпер можна азнаёміцца і на яго інтэрнэт-старонцы www.end.of.by.

Заснаванне руху END у Беларусі ў 2004 г. было звязана перш за ўсё з жаданнем паглыбляць і развіваць сужэнскую духоўнасць, заснаваную на таямніцы шлюбу. Таму не дзіўна, што на сайце руху ў Беларусі кожная сям’я зможа знайсці шмат цікавай і карыснай інфармацыі: сведчанні сужонкаў, навіны з жыцця супольнасцяў, тэрміны рэкалекцый, кантактную інфармацыю і інш.


Гісторыя руху END распачалася з сустрэчы ў 1937 г. кс. Каффарэля (нарадзіўся 30 ліпеня 1903 г. у Ліёне і памёр 18 верасня 1996 г.) і маладой замужняй жанчыны Розен дэ Монт’ямонт, якая звярнулася да маладога святара з просьбай аб духоўным кіраўніцтве.

Паўнавартасна перажываць пакліканне да святасці ў сужэнскім жыцці пажадалі яшчэ чатыры пары. Так, 25 лютага 1939 г. адбылася першая сустрэча (чатыры шлюбныя пары і святар) у доме сямейства Розен і П’ер дэ Монт’ямонт. Мэта сустрэч заключалася ў разуменні Божага плану адносна іх сем’яў. Гэты перыяд затым назвалі прароцкай эпохай, бо менавіта падчас першых сустрэч былі акрэслены галоўныя кірункі духоўнасці сужонкаў.

У 1960 г. рух END атрымлівае першае афіцыйнае пацвярджэнне Касцёлам у выглядзе ліста кардынала Фэльтына, арцыбіскупа Парыжа. У 1975 г. Папская рада па справах свецкіх прызнае END як прыватную арганізацыю вернікаў, якія выконваюць прадпісанні кананічнага права. Наступныя дэкрэты выйшлі ў 1992 г. і ў 2002 г.

 
© 2003-2024 Catholic.by