Івянец збірае моладзь кожны год: гісторыя малітоўных сустрэч | | Друк | |
Беларусь |
04.08.2011 17:56 |
Малітоўныя сустрэчы моладзі ў Івянцы маюць духоўнае значэнне і прымеркаваны да Сусветнага дня моладзі з удзелам Папы, які праходзіць прыкладна ў гэты ж час. Гэтае свята карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод хрысціянскай моладзі і дае ёй магчымасць перажыць пачуццё духоўнага адзінства — нягледзячы на рознае паходжанне і розныя мовы. Гісторыя правядзення сустрэчы моладзі ў Івянцы пачалася з таго, што ў 2008 г. на пасяджэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі было прапанавана правесці Міждыяцэзіяльную сустрэчу каталіцкай моладзі Беларусі, прымеркаваную да Сусветных дзён моладзі. Айцы францішкане з Івянца прапанавалі запрасіць удзельнікаў гэтай сустрэчы да сябе. Так было вызначана месца правядзення моладзевай сустрэчы. Сустрэча ў Івянцы дапамагае ўдзельнікам з’яднацца са сваімі іншаземнымі равеснікамі, якія ў гэты час чуюць словы Святога Айца, а таксама супольна памаліцца і адчуць сябе братамі і сёстрамі ў Хрысце.У 2008 г. Сусветны дзень моладзі з удзелам Бэнэдыкта XVI праходзіў у Сіднэі (Аўстралія), таму невыпадкова, што амаль з першых дзён падрыхтоўкі да сустрэчы ў Івянцы яе арганізатары і ўдзельнікі сталі называць гэтае мястэчка «Беларускім Сіднэем». Першая сустрэча моладзі ў Івянцы ў 2008 г. была І Усебеларускай сустрэчай. Сустрэчы ў 2009 і ў 2010 гг. былі дыяцэзіяльнымі. Праграма сустрэч у Івянцы ўключае малітвы, катэхетычныя заняткі, а таксама разнастайныя культурныя мерапрыемствы, у тым ліку канцэрты рэлігійнай і беларускай народнай музыкі. Прадугледжаны час на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, духоўныя сведчанні. Падчас сустрэч адбываецца і аднаўленне сакрамэнту хросту, існуе магчымасць атрымаць сакрамэнт канфірмацыі (для папярэдне падрыхтаваных ў сваіх парафіях кандыдатаў). Цэнтрам жа мерапрыемства з’яўляецца ўрачыстая нядзельная святая Імша. Па традыцыі перад сустрэчай моладзі ў Івянцы праходзіць «Музычная майстэрня» — майстар-класы касцёльнай музыкі, якія праводзяць для беларускай моладзі музыканты з Польшчы. «Майстэрня» пачалася з таго, што хлопцы і дзяўчаты, католікі двух абрадаў з розных куткоў Беларусі, Польшчы і Расіі, прыехалі ў Івянец, каб навучыцца праслаўляць Бога сваімі спевамі і граннем. Для асабліва здольных і ахвотных быў арганізаваны курс рэгентаў хору. Харавы спеў складаў большую частку ўсёй праграмы. На начлег маладых музыкантаў прымалі ў свае хаты пабожныя івянецкія жыхары — вернікі мясцовай рыма-каталіцкай парафіі. Як адзначыў падчас першай івянецкай сустрэчы ў звароце да моладзі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, «францішкане першыя адгукнуліся на прапанову зрабіць „штосьці такое“ і зрабілі!..» Калі спачатку ўдзельнікаў было пару соцень, то ў пятніцу, пад вечар, на час першай трансляцыі з Аўстраліі, дзе ў гэты час разам са Святым Айцом сабралася моладзь з усяго свету, іх было ўжо больш за 1000. |