Вытокі Сусветных дзён моладзі | Друк |
Беларусь
04.08.2011 21:48

Маладыя людзі з усяго свету, у тым ліку і з Беларусі, накіруюцца сёлета ў Мадрыд, дзе з 16 па 22 жніўня пройдзе XXVI Сусветны дзень моладзі. Ужо 26 раз маладыя людзі ўсіх кантынентаў збіруцца разам, каб праслаўляць Бога і шукаць выйсце з надзённых праблемаў.

Ініцыятарам Сусветных дзён моладзі з’яўляецца Ян Павел ІІ, які быў вядомы сваёй вялікай зацікаўленасцю справамі маладых людзей і ўмеў лёгка наладжваць з імі кантакт.

Сустрэчы Яна Паўла ІІ з моладдзю належаць да найбольш шматлюдных падзеяў яго Пантыфікату. Дзень моладзі ў студзені 1995 г. у Маніле да гэтага часу з’яўляецца самай масавай сустрэчай вернікаў з Папам – у ім удзельнічала амаль 5 млн чалавек.

Найважнейшым, аднак, было і ёсць духоўнае вымярэнне гэтай папскай ініцыятывы – што яна дае маладым, наколькі паглыбляе іх веру, як уплывае на жыццё мясцовага і паўсюднага Касцёла.

Паходжанне

У нядзелю 22 кастрычніка 1978 г., пасля ўрачыстай інаўгурацыі Пантыфікату на плошчы св. Пятра Ян Павел ІІ сказаў маладым з усяго свету: «Вы — надзея свету, надзея Касцёла, вы — мая надзея». Гэтае сцверджанне стала неўзабаве адным з дэвізаў пастырскай паслугі Святога Айца. Моладзь была таксама адрасатам шматлікіх папскіх дакументаў. У іх Ян Павел ІІ узнімаў найважнейшыя праблемы маладога пакалення: вучобу, працу, каханне, сям’ю, духоўнае жыццё.

Сусветныя дні моладзі
Сусветным дням моладзі папярэднічалі дзве міжнародныя сустрэчы ў Рыме ў 1984 і 1985 гг. У сустрэчы 1985 г., што прайшла пад дэвізам «Хрыстус – наша надзея», прынялі ўдзел каля 350 тысяч маладых людзей з 70 краін свету.

Менавіта тады Ян Павел ІІ пастанавіў, каб штогод у Пальмовую нядзелю Каталіцкі Касцёл адзначаў Сусветны дзень моладзі, прычым святкаванні павінны мець цэнтралізаваны характар — спачатку ў Рыме, пазней у іншых гарадах і краінах, а ў будучым яны павінны быць дэцэнтралізаванымі: на ўзроўні дыяцэзій, дэканатаў і парафій.

Першы ў гісторыі Сусветны дзень моладзі адбыўся 23 сакавіка 1986 г. пад дэвізам «Будзьце заўсёды гатовыя даць адказ кожнаму, каму патрэбна ад вас слова аб вашай надзеі, якая ёсць у вас» (пар. 1 П 3, 15).

ІІ Сусветны Дзень Моладзі (11-12 красавіка 1987 г.) адбываўся ў Буэнас-Айрасе пад дэвізам «І мы пазналі любоў, якую мае да нас Бог, і паверылі ў яе» (пар. 1 Ян 4, 16). Сабралося на яго каля 1,8 млн чалавек з больш чым 20 краінаў.

Дэвізам ІІІ Дня моладзі (27 сакавіка 1988 г.) былі словы «Зрабіце ўсё, што вам скажа» (Ян 2, 5). Святкаванні праходзілі ў паасобных дыяцэзіях і парафіях.

У гэтым жа годзе Святы Айцец паведаміў пра пэўную змену: у наступным годзе святкаванні адбудуцца ў два этапы: спачатку, традыцыйна, у Пальмовую нядзелю (19 сакавіка) у дыяцэзіях і парафіях, а пасля, летам, адбудуцца асноўныя ўрачыстасці ў Санц’яга дэ Кампастэла (Іспанія).

19-20 жніўня 1989 г. горад святога апостала Якуба, галоўнага апекуна Іспаніі, прыняў амаль паўмільёна маладых вандроўнікаў з усяго свету. Папа таксама прыбыў туды ў якасці пілігрыма, ідучы апошнія паўкіламетра з кіем і ў плашчы з пелерынаю з нашытымі на яе ракавінкамі (старажытны традыцыйны ўбор пілігрыма). Дэвізам сталі словы «Я – Дарога, Праўда і Жыццё» (Ян 14, 6).

V Сусветны Дзень Моладзі адбыўся 8 красавіка 1990 г. пад дэвізам «Я – вінаградная лаза, а вы – галіны» (пар. Ян 15, 5).

VI Сусветны дзень, дэвіз якога абвяшчаў «Прынялі вы Духа ўсынаўлення» (пар. Рым 8, 15), зноў, як і два гады таму, праходзіў у два этапы. Спачатку, 24 сакавіка 1991 г., адбылася яго першая частка – дыяцэзіяльная і парафіяльная. А пазней – 14-15 жніўня – у Чэнстахове адбылася сустрэча мільёна маладых людзей з усяго свету, у тым ліку ўпершыню і з былога СССР.

VII Сусветны Дзень Моладзі, які праходзіў пад дэвізам «Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле» (Мк 16, 15), адбыўся 21 красавіка 1992 г. і меў лакальны характар.

VIII Сусветны дзень моладзі 1993 г. пад дэвізам «Я прыйшоў, каб мелі жыццё і каб мелі яго ўдосталь» (пар. Ян 10, 10) таксама праходзіў у два этапы. Спачатку, традыцыйна, – у Рыме і ў мясцовых Касцёлах – у Вербную нядзелю, 4 красавіка. А пазней, 14-15 жніўня ў Дэнверы, сталіцы амерыканскага штата Каларада, сабралася больш за 700 тыс. маладых людзей з усяго свету.

Перад ІХ Днём моладзі 1994 года, 27 лістапада 1993 г., Папа абвясціў адзін агульны дэвіз для двух бліжэйшых Дзён: «Як Айцец паслаў Мяне, так і Я пасылаю вас» (пар. Ян 20, 21). Першая з гэтых сустрэч адбылася 27 сакавіка 1994 г. у Рыме і дыяцэзіях.

Сустрэча 14-15 студзеня 1995 г. у Маніле — першая на тэрыторыі Азіі — увайшла ў гісторыю паўсюднага Касцёла яшчэ і таму, што аказалася самай шматколькаснай: па розных ацэнках, у сталіцы Філіпінаў на сустрэчы было 4–5 млн чалавек.

ХІ Сусветны Дзень Моладзі святкаваўся ізноў у Рыме. Ён адбыўся 31 сакавіка 1996 г. пад дэвізам «Пане, да каго ж мы пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага» (пар. Ян 6, 68). Наступная сустрэча прайшла ў 1997 г. у Парыжы. Яе дэвізам былі словы: «Настаўнік, дзе жывеш? Пайдзі ды паглядзі» (пар. Ян 1, 38.46).

У 1998 г. ХІІІ Сусветны дзень моладзі адбыўся 5 красавіка пад дэвізам «Дух Святы вас навучыць». У наступным годзе Сусветны дзень моладзі пад дэвізам «Айцец вас любіць» (пар. Ян 16, 27) праходзіў дэцэнтралізавана (у асобных мясцовых Касцёлах на ўзроўні дыяцэзій і парафій).

XV Сусветны дзень моладзі 2000 года пад дэвізам «Слова стала целам і пасялілася між намі» (пар. Ян 1, 14), зноў адбываўся ў два этапы: спачатку ў Вербную нядзелю (16 красавіка) яго адзначалі на дыяцэзіяльным узроўні, а пасля ў Рыме 15-20 жніўня адбыліся галоўныя ўрачыстасці. Колькасць удзельнікаў са 160 краін – больш за 2 мільёны, сярод іх былі таксама і не католікі (праваслаўныя, пратэстанты розных плыняў) і нават не хрысціяне.

XVI Сусветны дзень моладзі ў 2001 г. адбыўся 8 красавіка і зноў меў дэцэнтралізаваны характар. Ён праходзіў пад дэвізам «Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад самога сябе, няхай бярэ крыж свой і ідзе за Мною» (пар. Лк 9, 23).

XVII СДМ у 2002 г. пад дэвізам «Вы — соль зямлі, вы — святло свету» (пар. Мц 5, 13-14) зноў праходзіў у два этапы. 18-28 ліпеня ён праходзіў у канадскім горадзе Таронта. У галоўных урачыстасцях пад кіраўніцтвам Яна Паўла ІІ удзельнічалі, нягледзячы на дрэннае надвор’е, каля мільёна маладых людзей. У наступным годзе дзень адзначаўся толькі на дыяцэзіяльным узроўні пад дэвізам «Вось Маці твая» (пар. Ян 19, 27).

ХІХ СДМ таксама меў дэцэнтралізаваны характар. Сусветны дзень моладзі адбыўся 4 красавіка, а яго дэвізам былі словы: «Хочам убачыць Езуса» (пар. Ян 12, 21).

ХХ Сусветны Дзень Моладзі ў 2005 г. адзначаецца пад дэвізам «Прыйшлі пакланіцца Яму» (пар. Мц 2, 2) спачатку ў Вербную нядзелю 20 сакавіка ў межах дыяцэзій, а пасля 16-21 жніўня ў Кёльне (Германія).

Тры гады таму каталіцкая моладзь свету сабралася ў аўстралійскім Сіднэі, а сёлета збярэцца ў іспанскім Мадрыдзе. Чарговыя Сусветныя дні моладзі будуць праходзіць у 2013 г. у бразільскім Рыо-дэ-Жанейра. Па традыцыі, да маладых людзей, якія збяруцца там з усіх кантынентаў свету, прыедзе Святы Айцец.

 
© 2003-2025 Catholic.by