У парафіях Беларусі адбылося благаслаўленне вучняў на новы навучальны год | Друк |
Беларусь
05.09.2011 11:18

У апошнюю нядзелю жніўня і першы тыдзень верасня ў каталіцкіх парафіях краіны адбываюцца набажэнствы на распачацце новага навучальнага і катэхетычнага года, а таксама асвячэнне школьных прыналежнасцяў, заліковак і ўсяго, чым карыстаюцца ў вучобе.

Так у нядзелю 4 верасня 2011 г. асвячэнне школьных прыналежнасцяў і благаслаўленне вучняў, студэнтаў, настаўнікаў і катэхетаў адбылося ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

У гаміліі дыякан Кірыл Бардонаў звярнуў увагу на тое, што ў жыцці кожнага чалавека, як дарослага, так і дзіцяці, ёсць справы, на якія хочацца не траціць час. Як казалі самі дзеці, свой час часцей хочацца праводзіць з сябрамі. Таму варта, каб Хрыстус быў сапраўдным сябрам для кожнага, каб жадаючы быць з Ім, мы заўсёды знаходзілі час на малітву.

Пасля асвячэння школьных прыналежнасцяў пробашч парафіі кс. Антоні Клімантовіч нагадаў бацькам і дзецям, што неўзабаве распачнецца катэхетычны год. «Не адкладвайце справу катэхізацыі на пасля, — адзначыў святар, — не зачыняйце сваім дзецям шлях да неба».

 
© 2003-2024 Catholic.by