Іерархі Беларусі прынялі ўдзел у сустрэчы каталіцкіх валанцёрскіх арганізацый Еўропы | Друк |
Беларусь
11.11.2011 20:12

10–11 лістапада 2011 г. у палацы святога Пія X у Ватыкане адбылася сустрэча «Папа і еўрапейскія валанцёры», арганізаваная Папскай радай «Cor Unum». Беларусь на сустрэчы прадстаўлялі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін і Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

Кіраўніком Папскай рады «Cor unum» з’яўляецца кардынал Робэр Сара, які 18 чэрвеня 2011 г. узначаліў святую Імшу інаўгурацыі новай катэдры ў Віцебску, а 19 чэрвеня — святую Імшу на плошчы перад касцёлам св. Сымона і св. Алены ў Мінску з нагоды 20-годдзя ўстанаўлення структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Для Мітрапаліта Кандрусевіча і біскупа Бліна сустрэча стала добрай нагодай, каб падзякаваць кардыналу Сара за яго візіт у Беларусь у чэрвені гг. Кардынал з цеплынёй узгадаў Мінск і Віцебск і асабліва пабожнасць вернікаў, якія падчас дажджу стаялі на каленях і маліліся.

Папская рада «Cor unum» займаецца справамі дабрачыннасці, якая немагчыма без дабравольцаў. Гэты год у Еўропе адзначаецца як Год валантарыяту. У Еўрасаюзе кожны трэці чалавек з’яўляецца валанцёрам. Гэта не толькі маладыя людзі, але і пенсіянеры, якія, дзякуючы служэнню валанцёраў, нанава знайшлі сэнс жыцця.

Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі розныя магчымасці дзейнасці дабравольцаў у справе міласэрнасці. У кожнай краіне, як было адзначана, свае магчымасці, які вельмі адрозніваюцца ў залежнасці ад эканамічнай сітуацыі, свае традыцыі і свае метады дзейнасці. Аднак усіх яднае небходнасць дапамагаць патрабуючым і ім служыць. Пры гэтым служэнне павінна быць адкрыта на ўсіх і мець евангелізацыйны характар.

Падчас сустрэчы асаблівая ўвага была прысвечана духоўнаму аспекту дабрачыннасці. Дабрачынныя арганізацыі не могуць трансфармавацца ў нейкія філантрапічныя арганізацыі ці «камбінаты добрых паслуг». Таму неабходна трывалая як прафесійная, так і духоўная фармацыя супрацоўнікаў дабрачынных арганізацый і дабравольцаў. Матывацыяй дзейнасці дабравольцаў, як было падкрэслена, павінен быць міласэрны Бог, які спяшаецца з дапамогай да патрабуючага. Важным з’яўляецца не толькі тое, што дабрачынныя арганізацыі матэрыяльна дапамагаюць патрабуючым, але таксама і маральная дапамога, якая тым самым дае ім магчымасць адчуваць сябе людзьмі.

Прадстаўнік Еўрасаюза член Еўракамісіі па справах валантарыята Крысталіна Георгіева, сцвярджаючы, што немагчыма ўявіць жыццё сучаснага свету без дабравольцаў, адзначыла, што пры гэтым неабходна будаваць дух, а не бюракратыю валантарыята.

11 лістапада ў базыліцы св. Пятра ў Ватыкане ўдзельнікі сустрэчы прынялі ўдзел у святой Імшы, якую ўзначаліў арцыбіскуп Загрэба кардынал Ёсіп Бажаніч. Пасля Імшы адбылася аўдыенцыя ў Святога Айца Бэнэдыкта XVI.

 
© 2003-2024 Catholic.by