Смяротнае пакаранне не можа быць кампенсацыяй за ўчыненае зло | Друк |
Беларусь
28.11.2011 15:45

Касцёл абараняе кожнае чалавечае жыццё, заўсёды лічыць яго непарушным і таму заступаецца за асуджаных на смерць. Шматразова заклікаў да поўнай адмены смяротнага пакарання бл. Ян Павел ІІ.

Так, праціўнікі смяротнага пакарання будуюць свае аргументы на глыбокім перакананні, што кожнае жыццё святое, хоць бы чалавек і не быў святым. Іншай прычынай з’яўляецца недахоп часу на навяртанне і пакаянне. Не застаецца без увагі і той момант, што судовая пастанова можа быць памылковай.

А што кажуць тыя, хто «за» смяротнае пакаранне? Яны ўказваюць на абавязак дзяржавы забяспечыць парадак у грамадстве, бяспеку насельніцтва і сцвярджаюць, што грамадства мае права ў пэўных сітуацыях ужываць смяротнае пакаранне.

Паводле ж даследаванняў крыміналістаў, у краінах, дзе здзяйсняецца смяротнае пакаранне, колькасць злачынстваў не паменшылася. Падобна як і не ўзрасла ў тых краінах, дзе смяротнае пакаранне было адменена.

Тыя, хто адмаўляе смяротнае пакаранне, робяць акцэнт зусім на іншае: на годнасць чалавека — злачынцы. Пры гэтым яны не баналізуюць учыненага зла, якое стаіць за кожным сур’ёзным злачынствам. Яны стараюцца паказаць, што грамадству пагражае не існаванне злачынцы, а яго дзеянне.

Смерць забойцы не можа быць кампенсацыяй за забойства іншага чалавека, бо гэта не зможа вярнуць жыцця ахвяры або знішчыць зло, ці хаця б затармазіць яго развіццё.

Паводле КАІ

 
© 2003-2024 Catholic.by