Хрыстусоўцы з усёй Беларусі сабраліся на малітве ў Мінску | Друк |
Беларусь
20.11.2012 17:17
Напярэдадні патранальнага свята — урачыстасці Пана Нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету — у Душпастырскім цэнтры ў Мінску на дзень духоўных сустрэч сабраліся святары з Таварыства Хрыста для палякаў эмігрантаў.
 
На малітву прыбылі ўсе святары гэтай супольнасці, якія працуюць у Беларусі: кс. Мацей Шмытоўскі TChr з Ішкалдзі, кс. Эдмунд Друз TChr з Мінска, кс. Сяргей Ангур TChr з Геранёнаў, кс. Андрэй Шода TChr з Мядзведзічаў, кс. Алег Шпец TChr з Ганцавіч і кс. Францішак Галдысь TChr з Суботнікаў.

«Першы хрыстусовец прыехаў у Беларусь 20 гадоў таму, — адзначыў кс. Мацей Шмытоўскі TChr. — Сёння ў Беларусі нас працуе шэсць чалавек: чацвёра палякаў і два беларусы. Гэты год для нас асаблівы — спаўняецца 80 гадоў з моманту паўстання нашай супольнасці. І ў дадзены час святары нашай супольнасці працуюць па ўсім свеце».

Хрыстусоўцы — святары з Таварыства Хрыста для палякаў эмігрантаў. Назва таварыства нагадвае пра саму харызму — несці людзям Хрыста. Патрэбу апекі над польскай эміграцыяй яшчэ ў пачатку 1930-х гадоў адчуў Прымас Польшчы кардынал Аўгуст Хлонд. У 1932 годзе іерарх атрымаў дазвол папы Пія ХІ на заснаванне новай манаскай супольнасці. Сёння хрыстусоўцы працуюць на ўсіх кантынентах, а іх колькасць налічвае каля 500 сабратоў.
 
(JLS)
 
© 2003-2024 Catholic.by