Беларускія аніматары ўвайшлі ў Міжнародную Асацыяцыю вернікаў «Сужэнскія сустрэчы» | Друк |
Беларусь
23.01.2013 12:14

52 беларускіх аніматара сталі афіцыйнымі членамі Міжнароднай Асацыяцыі вернікаў «Сужэнскія сустрэчы». Цырымонія прыняцця адбылася 20 студзеня падчас Першага беларускага кангрэса аніматараў руху «Сужэнскія сустрэчы». У ліку выбраных членаў — пяць святароў і адна сястра законная.

Пасведчанні членаў Міжнароднай Асацыяцыі былі ўручаны падчас нядзельнай Эўхарыстыі ў доме св. Тройцы ў Баранавічах Генеральным вікарыем Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс.- прэлатам Андрэем Стэцкевічам.

— Для ўсіх нас прыняцце ў члены Асацыяцыі — гэта знак яшчэ больш цеснай сувязі з Сусветным Касцёлам, прызнанне нашых намаганняў у абароне годнасці сям’і і наяўнасць асаблівай харызмы, якой Бог адарыў «Сужэнскія сустрэчы», — дзеляцца ўражаннямі новыя члены Міжнароднай Асацыяцыі.

Усе аніматары з Беларусі ўнесены ў рэестр членаў Асацыяцыі з пачатковай літарнай абрэвіятурай BY, а таксама парадкавым нумарам, які адпавядае стажу аніматара.

Даведка:

«Сужэнскiя сустрэчы» — касцёльны рух, якi займаецца арганізацыяй рэкалекцый для сужонкаў. Рух зарадзiўся ў Польшчы ў канцы 1970-х гг, у Беларусі дзейнічае з 2004 года. Заснавальнiкамi «Сужэнскiх сустрэч», а таксама Міжнароднай Асацыяцыi вернікаў «Сужэнскія сустрэчы» ў краiнах Цэнтральнай i Усходняй Еўропы, з’яуляюцца Iрэна i Ежы Гжыбоўскiя.

Мэта духоўных практыкаванняў, якія арганізоўвае рух, — у паглыбленні i аднаўленні сужэнскай еднасцi i любовi. Акрамя рэкалекцый, «Сужэнскiя сустрэчы» арганізоўваюць таксама «Вечары для закаханых» i «Вечарыны для нарачоных», дзе маладыя людзі рыхтуюцца да таямнiцы шлюбу.

Павел Кузьміцкі

(JLS)

 
© 2003-2022 Catholic.by