Часопіс «Ave Maria» запрашае да сумоўя | Друк |
Беларусь
13.02.2013 10:38

Першы нумар часопіса «Ave Maria» ў 2013 годзе можна назваць тэматычным, таму што вялікая частка матэрыялаў у ім прысвечана 400-годдзю з’яўлення цудатворнага абраза Маці Божай у Будславе, а таксама Году веры ў Каталіцкім Касцёле.

Здавалася б, пра Будслаў ужо столькі ўсяго сказана і напісана... Аднак вернікі ўсё больш прагнуць ведаць пра тое, што было ў аснове стварэння гэтага нацыянальнага санктуарыя беларусаў. Якія цуды, звязаныя з цудатворным будслаўскім абразом, вядомыя сучаснікам? Дзе можна прачытаць пра заснаванне Будслава і з’яўленне ў ім абраза Маці Божай? Што значыць Будслаў у нашым сённяшнім жыцці? Адказы на гэтыя і многія іншыя пытанні чытачы знойдуць на старонках новага нумара часопіса. Больш за тое, рэдакцыя часопіса «Ave Maria» запрашае сваіх чытачоў да актыўнага ўдзелу ў разважаннях над значэннем гэтага святога месца і плануе сабраць цікавую кніжку прызнанняў у любові да Маці Божай Будслаўскай.

На такі ж дыялог з чытачом скіраваная таксама адноўленая рубрыка ў часопісе, якая называецца «Святар адказвае на пытанне». Верагодна, у кожнага з нас ёсць такія пытанні ў духоўным жыцці, на якія хацелася б атрымаць адказ кампетэнтнага чалавека, — гэта можа датычыцца рэлігійных практык, чытання Бібліі, вучэння Касцёла і інш. Не саромейцеся і пытайцеся! Хутчэй за ўсё, многія праблемы хвалююць далёка не аднаго чалавека. У гэтым нумары кс. Андрэй Рылка распавядае пра тое, што значыць «прымат святога Пятра».

«У людзей, якія становяцца актыўнымі парафіянамі, нярэдка ўзнікае спакуса адчуваць сябе галоўнымі, выбранымі і нават бязгрэшнымі», — гэта яшчэ адна праблема, да абмеркавання якой запрашае чытачоў карэспандэнт Галіна Горская ў артыкуле «Да каго прыйшоў Езус?». Па сутнасці гэта матэрыял пра тое, што без любові чалавек — нішто, нават калі «мае ўсякія веды і паўнату веры, каб перастаўляць горы» (1 Кар 13, 2).

Гэтыя і іншыя цікавыя матэрыялы чытайце ў студзеньска-лютаўскім нумары часопіса «Ave Maria».

(AG)

 
© 2003-2021 Catholic.by