Святар і войска: дзве гісторыі служэння (+відэа) | Друк |
Беларусь
22.02.2013 16:30

Ці павінен будучы святар праходзіць службу ў войску? Напярэдадні афіцыйнага свята супрацоўнікі Catholic.by правялі на вуліцах Мінска апытанку і высветлілі, як ставяцца да службы ў войску будучых святароў. Каб убачыць службу ў войску знутры, мы папрасілі падзяліцца ўспамінамі пра войска духоўных асобаў, якія ўжо адслужылі. Свае гісторыі распавядаюць біскуп Антоні Дзям’янка і навучэнец Пінскай семінарыі Юрый Рашатко.

к

Юрый Рашатко, семінарыст 5 курса Пінскай Міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі ў Пінску. Тэрміновую вайсковую службу праходзіў пад Мінскам у войсках супрацьпаветранай абароны РБ у 2005-2006 гг.

Як гэта было

Сёння існуе тэндэнцыя накіроўваць салдат бліжэй да іх родных месцаў, таму я служыў вельмі блізка ад дому. За 18 месяцаў, праведзеных у войску, паспрабаваў шмат функцый, але збольшага я быў стралком роты аховы і забеспячэння.

Прызыў у войску я ўспрыняў неадназначна: з аднаго боку было шкада паўтара гады, але з іншага была зацікаўленасць. Тэрмін службы ўсім здаваўся вельмі доўгім, тыдзень перажываўся, як месяц. Гэта зразумела, бо звычайна юнакі не пакідаюць свае дамы і родных на такі адрэзак часу. Немагчыма даць адназначную ацэнку дадзенаму вопыту, бо, вядома, было шмат карыснага, але дасягалася ўсё цяжкай працай над сабой.

Беручы ўвогуле, армія з’яўляецца пэўным пераходным этапам жыцця, гэта вельмі багаты вопыт зносін у супольнасці і своеасаблівая школа чалавечнасці.


Як давалася служба

Больш за ўсё мяне здзіўлялі адносіны ў калектыве: я заўважаў як вельмі ахвярную дапамогу сяброў, так і шмат негатыўных момантаў, што адлюстроўвае адмоўны бок чалавека. Усё гэта здымае з вачэй заслону ілюзій адносна жыцця. Хоць сучасная армія сёння зусім не тая, што была гадоў трыццаць таму назад, няма такіх грандыёзных вучэнняў, аднак ёсць іншыя «палявыя ўмовы», дзе чалавек мусіць пераступіць праз самога сябе. Праца ў цывільным грамадстве не зможа так востра паставіць экзістэнцыянальнае пытанне, заглянуць у глыбіню асобы. Звычайна армейскі перыяд жыцця моцна ўкараняецца ў свядомасць мужчыны, дапамагае выявіць свой асаблівы характар.

Хто пераможа на чэмпіянаце ў Ашмянах?
 
На той час я яшчэ не быў актыўным хрысціянінам, і мне цяжка адэкватна сказаць, ці можна, знаходзячыся ў тых умовах, выконваць свае хрысціянскія абавязкі. Мяркую, што так. Можна. Толькі, як і ўсюды, сустрэнеш неразуменне, а магчыма нават і пагарду. Але я лічу, грамадства ў нас вельмі талерантнае. Прынамсі, мне не давялося сустрэць аўтэнтычных сведкаў веры ў армейскім калектыве. Пра рэлігію ніхто не гаварыў без нагоды.

Не трэба думаць, што там няма чым заняцца, і людзі займаюцца філасофскімі разважаннямі. У войску гэтаксама, як і на працы, вось толькі працоўны дзень заканчваецца не так хутка. А на працы, як правіла, пра Бога не кажуць.


«Армія паспрыяла развіццю маёй асобы»

Дакладна ведаю, што армія вельмі паспрыяла станаўленню маёй асобы; аднак, калі б спыталіся ці не адважыўся б я зноў па сваёй волі зрабіць такі крок, то, магчыма, я ўстрымаўся б. Увогуле я дзякую Богу за перажыты час і каштоўны досвед, які я атрымаў у войску.

Вельмі часта мне прыходзілася чуць, што ў войску нізкае маральнае жыццё. Але ў рэальнасці гэта думка не мае пад сабой падстаў. Паводзіны салдат нічым не адрозніваюцца ад паводзінаў нейкіх іншых груп, тых жа студэнтаў. Вядома, усё залежыць ад умоў і магчымасцяў. Хутчэй за ўсё, байка пра разбэшчанасць салдат застанецца толькі байкай.

Магу казаць адкрыта, што падчас службы ў войску выспявала маё пакліканне да службы Божай. Пасля войска я ўжо дакладна ведаў свой жыццёвы шлях. У войску ёсць час усё абдумаць і набрацца моцы, каб не вяртацца да мінулага, але ісці наперад. Самастойна. Іншая рэч, што кожны зробіць гэта толькі з часам.

Армія дапамагла мне ў больш дэталёвым вывучэнні сваёй душы, як і многім іншым, хто збіраўся ў духоўную семінарыю ці кляштар. Перад рашаючым выбарам «спяшацца трэба паволі». Галоўнае, заўжды памятаць: усё, што робіш, трэба рабіць на славу Божую.


Узгадвае біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, які праходзіў тэрміновую вайсковую службу ў ваенна-будаўнічым атрадзе ў Запаляр’і (Мурманская вобласць РСФСР) ў 1982-84 гг.

Як гэта было
На час прызыву было ўжо паўтара гады ад часу, калі я таемна атрымаў святарскае пасвячэнне. Яго мне ўдзяліў біскуп з Літвы Вінцэнт Сладкявічус, які на той час знаходзіўся ў высылцы ў Пабіржэ і таемна прыбыў у нашу парафію. Прызыў у войска быў для мяне неспадзяваным. А папярэднічала гэтаму наступнае здарэнне. У парафіі Дзераўная, дзе я выконваў абавязкі арганіста і сакрыстыяніна, з 8 на 9 мая 1982 года напярэдадні дня Перамогі невядомыя злачынцы скралі ўначы амаль усе каштоўнасці са святыні — старыя абразы XVIII стагоддзя, срэбраны крыж, літургічнае начынне святыні...

Следчай камісіі, у якую ўваходзілі два падпалкоўнікі, не спадабалася, што я зрабіў заўвагу аднаму з іх — ён хадзіў па касцёле ў галаўным уборы.

Мяне вызвалі ў прафілактычны аддзел райаддзела міліцыі, дзе палову дня  вядомымі метадамі падкрэслівалі недапушчальнасць заўвагі такому высокаму вайсковаму, хаця б гэта было і ў касцёле. А затым мяне вызвалі ў ваенкамат і выдалі павестку.

Перад адыходам у войска (гэта было Свята Унебаўшэсця Пана) у парафіяльным касцёле я цэлебраваў святыя Імшы і выконваў усе паслугі святара. Наступстваў не было, таму што маючы павестку на тэрміновую службу, на мяне як прызыўніка Грамадзянскі кодэкс ужо як бы не распаўсюджваўся, а вайсковыя законы для мяне толькі пачыналі дзейнічаць. Пробашч у той час быў хворы і адсутнічаў у святыні, таму пазбег пакарання. У той час святар без т. зв. даведкі ад Упаўнаважанага па справах рэлігій не мог быць афіцыйна дапушчаны да службы пры алтары. Пры гэтым любая Імша, адпраўленая святаром без «даведкі», ставіла пад пагрозу дазвол на працу святару, які працаваў афіцыйна. Магла быць таксама прыменена грашовая кара ці нават закрыццё касцёла. У тым набажэнстве ўдзельнічала тады каля 600 вернікаў...

На наступную раніцу разам з групай прызыўнікоў з раёна, пастрыжаны пад нуль, з ваенкамата я быў дастаўлены ў абласны ваенкамат (сёння — мастацкая галерэя імя М. Савіцкага, будынак знаходзіцца побач з архікатэдрай у Мінску — Аўт.). Адтуль нас разам з групай прызыўнікоў з вобласці пасадзілі ў асобны вагон на цягнік у кірунку Ленінграда, выдалі паёк на 4 дні і паведамілі, што мы будзем служыць пад Ленінградам. Насамрэч пасля чатырох дзён дарогі нас высадзілі ў Запаляр’і ў Апатытах (Мурманская вобласць Расійскай ССР). Пасля прыбыцця ў часць нас адправілі ў лазню, забралі адзенне і выдалі вайсковае абмундзіраванне. Так мяне пазбавілі ўсяго неабходнага да цэлебрацыі св. Імшы…

На працягу двух месяцаў я не меў магчымасці цэлебраваць святую Імшу. Толькі напрыканцы лета мама з сястрой, якія адведалі мяне, прывезлі ўсё неабходнае для цэлебрацыі літургіі. Таксама некалькі разоў таемна прыязджаў ксёндз. Ён нелегальна прывозіў неабходную мне матэрыю для св. Імшы, а таксама ўдзяляў мне споведзь. Пасля года службы я ўжо рэгулярная мог цэлебраваць св. Імшу ў казарме. У атрадзе было нас больш за 400 чалавек у чатырох ротах, у кожнай да 120 чалавек.


«Святую Імшу я цэлебраваў у бытоўцы»

Распарадак дня. У 6:00 — пад’ём, гімнастыка, час на прыбіранне, сняданне, пастраенне. 8:00 — выхад на працу. Да 18 гадзін мы працавалі на грамадзянскіх аб’ектах на будоўлі горада і на АНОФ-2 (Апатытанефелінавы камбінат). Пасля вяртання ў часць — паўгадзіны муштры, вячэра, затым зноў паўгадзіны муштры.

У асенні час — гаспадарчыя працы, разгрузка вагонаў (часам і да 24:00). Восенню пасля вячэры быў перапынак. У 21:00 — праграма «Время» (паўгадзіны), затым вечаровае прыбіранне, пастраенне і ў 22:00 — адбой. Звычайна я ўставаў у 4:30, калі рота яшчэ спала (у памяшканні было каля 120 чалавек). Пасля прыбірання ішоў у т.з. бытоўку — пакой прызначаны для прасавання адзення і рамонту абутку салдатамі. Там я цэлебраваў святую Імшу. У свой час ксёндз інфулат Вацлаў Пянткоўскі з Мядзведзічаў, які прайшоў ГУЛАГ (шэсць гадоў у казахскім Стэплагу-4) і які таемна рыхтаваў нас да святарства, заахвочваў вывучыць ватыўную святую Імшу да Маці Божай на памяць.

Я так і зрабіў, таму праблем з Імшалам і лекцыянарыем не меў. Усё літургічнае начынне, у тым ліку запас віна і гостыі на некалькі дзён змяшчаліся ў мяне ў кішэні, у футляры для мыла. Гэта было рызыкоўна, бо некалькі разоў на тыдзень старшыня роты і ўзвода правяралі ў салдат кішэні. А за нашэнне недазволеных рэчаў давалі пазачарговыя нарады на кухню, дзе праца доўжылася да трох, чатырох ночы пасля адбою.

Ранішнія малітвы я адгаворваў падчас чаргі ў салдацкую сталоўку (400 чалавек праходзілі на абед праз адны дзверы па аднаму, таму час быў). А вечарам, калі ўсе глядзелі праграму «Время», у мяне было паўгадзіны на тое, каб памаліцца дзве часткі Ружанца…

Салдаты ўсёй роты з трох узводаў сядзелі на табурэтах перад тэлевізарам, а камандзір роты або хтосьці з узводных, часам старшыня роты, наглядаў за цішынёй і дысцыплінай. У гэты час можна было спакойна маліцца на ружанцы. Пасля некалькіх дзён суседзі зразумелі, што я малюся і не перашкаджалі. Тыя, хто служыў у ваенна-будаўнічым атрадзе, паходзілі з розных рэспублік, пераважная большасць — з Азіі, але таксама былі салдаты і  з еўрапейскай часткі Савецкага Саюза. Тым, хто цікавіўся пытаннямі веры і  маральнасці, я тлумачыў тыя нюансы, якія іх цікавілі. Зрэшты, нават і без расказу пра сябе пасля некалькіх дзён прабывання ў войску да мяне падыходзілі з пытаннямі адносна рэлігіі і маралі.

«Яго рэлігія такая, як наша. Ён свой»

Аднойчы пасля адбою на першым месяцы службы мяне выклікалі на размову з «дзядамі». Гэта былі стараслужачыя з Арменіі. Я спачатку трохі спужаўся: за што мяне выклікаюць? Маладых стараслужачыя часамі выхоўвалі сваімі метадамі, патрабуючы ад іх паслушэнства і працавітасці. Я прыйшоў. Адзін з іх і кажа: «Мы назіраем за табой не адзін дзень. Ты не агрэсіўны ў канфліктных сітуацыях, не брыдкасловіш. Расказвай пра сваю рэлігію». Я ім растлумачыў Апостальскі сімвал Веры. Тады адзін з іх кажа: «Яго рэлігія такая, як наша. Ён свой». А ўжо потым я даведаўся, што ў атрадзе быў канфлікт паміж армянамі-хрысціянамі і азербайджанцамі-мусульманамі…

Узімку св. Імшу мне даводзілася цэлебраваць у памяшканні грамадзянскіх работнікаў, з якімі мы, салдаты, працавалі на будоўлі. Цывільныя былі няверуючымі, але ключы ад памяшкання давяралі, часам нават дзяліліся харчамі, якія заўсёды адрозніваліся ад салдацкай сталовай — асабліва ў Запаляр’і, дзе цёплы перыяд года доўжыўся толькі каля 40 дзён і дзе не хапала вітамінаў. А летам я цэлебраваў Імшу на вольным паветры ў Хібінскіх гарах.

Адзін раз была магчымасць адведаць праваслаўнага бацюшку ў суседнім з Апатытамі  Кіраўску. Царква — звычайная хата, у адным канцы — памяшканне для жылля, а ў другім — малітоўны зал. Бацюшка, якога я папрасіў аб магчысці цэлебрацыі Імшы ці хаця б аб віне для цэлебрацыі літургіі, спужаўся такога прышэльца ў вайсковым адзенні і бушлаце. Ён не рашыўся на такое, але пачаставаў яблыкам. Але і гэта было добра, бо ў Запаляр’і фруктаў тады ўвогуле не было, акрамя прывазных у сярэдзіне верасня, якія былі дасяжныя эліце.

Вайсковыя ўрокі. «Войска навучыла мяне жыць у групе»

З войска кожны вынес тое, што было магчыма. Былі выпадкі, калі салдаты браліся шлюбам з дзяўчатамі з Запаляр’я і потым заставаліся там жыць. Яны са слязьмі праважалі нас на дзембель, бо бацькоўскія клопаты ўжо не дазвалялі ім вярнуцца на радзіму.

Войска навучыла жыць у групе і па гадзінніку. Для мяне парадак часу не быў чымсьці новым. Гэтым я жыў 5 гадоў на працягу ўсёй фармацыі да святарства і затым у самім святарстве. Але ў войску трэба было дадаткова выпрацаваць некаторыя механічныя дзеянні да поспеху і мабілізацыі. Напрыклад, каб апрануцца за адну хвіліну і дабегчы да абутку, дзе было 120 пар і кожны павінен знайсці і абуць свае. Гэта прытым, што трэба паспець спусціцца ўніз з 3-га паверха, а група налічвала 200 чалавек. Пасля за 3 хвіліны сабрацца на пастраенне на пляцу. Для гэтага была неабходная трэніроўка, якая займала да некалькіх тыдняў...

Для мяне важна было дапрацаваць хрысціянскія паводзіны ў групе, дзе разам са мной было яшчэ 400 маладых людзей з такімі ж абавязкамі і прывілеямі, як у мяне. Важна было прывыкнуць да рэгламентаванага нормамі армейскага звычаю. Многія за час службы зарабілі грошы. Хоць аплата за харчаванне і абмундзіраванне ішла з заробку салдат, тым не менш на рахунак па месцы пражывання былі пераведзены значныя сумы. Мне тых запрацаваных у войску грошай хапіла на куплю паловы аўтамабіля «Жыгулі», які служыў мне ў душпастырстве на Навагрудчыне. Таксама многія атрымалі ў войску розныя працоўныя спецыяльнасці. Я таксама. Працуючы на будоўлі ў горадзе Апатыты ў майстэрні АНОФ-2, дзе рамантавалі аўтамабілі, я паспеў атрымаць пасведчанне плотніка-бетоншчыка ІІ разрада і аўтаслесара ІІІ разрада…

«Тут няма тваёй пасылкі, хоць і прыслалі яе табе»

Жыццё ў такой вялікай групе абавязвае да салідарнасці. Адразу пасля прыбыццця ў часць на службу былі размовы з афіцэрам са спецыяльнага аддзела. Думаю, што і я быў пад асаблівым наглядам. Многія папярэджвалі — табой цікавіліся, хаця большасць з тых, хто праходзіў там службу, былі пасля прысуду — хтосьці за хуліганства, дробны крадзеж, браканьерства, бытавыя разборкі і іншае. Пры супольным жыцці амаль 24 гадзіны ў суткі немагчыма было мець два твары. Супольнае жыццё мабілізавала да салідарнасці, узаемадапамогі, дзе няма «тваёй» пасылкі, хоць і прыслалі яе табе. З таго, што табе прыслалі родныя, атрымае патроху кожны.

Перад кастрычніцкімі святамі і Днём Перамогі ў нас было шмат муштры, спеваў — на гэта прызначаліся многія не тое што гадзіны, але і дні. Прыгожа выглядаў такі парад на галоўнай вуліцы горада для звычайных работнікаў. Але камандзір роты нас папярэджваў; што такія маршы розуму не дадаюць, прывучаючы адточваць толькі механічныя дзеянні і выконваць без аналізу ўсе распараджэнні. «Занадта не любавацца ў маршах», — так нам раіў кадравы вайсковец.

Гаворачы пра прыдатнасць службы ў войску для будучых выпускнікоў духоўных семінарый, то занадта пазітыўнага ў гэтым я не бачу. Выхаванне ў духоўнай семінарыі носіць зусім іншы характар у параўнанні з той падрыхтоўкай, якую атрымлівае салдат у войску. У кожнага з іх — сваё заданне ў грамадстве.

Апрацаваў І. Лапато ОСDS

 
© 2003-2021 Catholic.by