Стаў вядомы маршрут перэгрынацыі рэліквій св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус | Друк |
Беларусь
05.04.2013 21:15

Беларусь стане 76-й краінай свету, якая прыме рэліквіі св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус. Перад беларусамі рэлікварый з парэшткамі святой ужо прымалі ў сваіх краінах усе нашы суседзі, а таксама жыхары ЗША, Аўстраліі, Філіпінаў, Бразіліі, Ірака, Лівана, Сейшэльскіх астравоў і г.д.

У Беларусі перэгрынацыя распачнецца 1 чэрвеня ў мінскай архікатэдры, а завяршыцца ў катэдральным касцёле Віцебска 28 жніўня.

 Асноўны маршрут рэліквій святой у Беларусі будзе выглядаць наступным чынам:

01.06. – 06.07 — Мінска-Магілёўская архідыяцэзія

06.07. – 04.08 — Гродзенская дыяцэзія

04.08. – 16.08 — Пінская дыяцэзія

17.08. – 28.08 — Віцебская дыяцэзія

Кім была Тэрэза?

Свой духоўны вопыт Тэрэза, якая належала да жаночага ордэна кармелітаў босых, апісвае ў кнізе «Гісторыя адной душы». Свой «малы шлях» да святасці Тэрэза ад Дзіцятка Езус прайшла праз поўнае прысвячэнне сябе Богу і ахвяры за збаўленне свету.

Яна адышла ў вечнасць ва ўзросце 24 гадоў. У 1923 годзе яе беатыфікавалі, а праз два гады — кананізавалі. У 1927 годзе Папа Пій XI абвясціў яе Апякункай місій нароўні са св. Францішкам Ксавэрыем.

 

 

У 1997 г. падчас Сусветнага дня моладзі ў Парыжы Слуга Божы Ян Павел ІІ абвясціў святую Тэрэзу доктарам Касцёла. У гісторыі Касцёла гэта трэці вядомы выпадак, калі такі тытул быў нададзены святой.

Рэлікварый вагою ў 132 кг

Рэлікварый для парэшткаў св. Тэрэзы ад Дзіцяткі Езус быў ахвяраваны вернікамі Бразіліі. Яго агульная вага — 132 кілаграмы. Ён змешчаны на драўляным фундаменце, які ўладкаваны 8 ручкамі.

 

 



Такім чынам рэлікварый могуць несці чацвёра, шасцёра або васьмёра чалавек. Таксама ў ім ёсць 4 жэрдкі, якія выцягваюцца — дзякуючы гэтаму рэлікварый можна несці на плячах.

Перэгрынацыя пройдзе паводле слоў святой пад дэвізам «Маё пакліканне — гэта любоў».

Падчас падарожжа па Беларусі на працягу трох месяцаў перад рэліквіямі св. Тэрэзы ад Дзіцяткі Езус амаль у кожным касцёле будуць адбывацца начныя чуванні. Рэлікварый будзе дасяжны для вернікаў практычна 24 гадзіны ў суткі.

На сёння зацверджаны таксама гімн Перэгрынацыі, адаптаваны на аснове запісаў святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езус. Кампазіцыя, над якой працавалі с. Вераніка Казлоўская і Сафія Голуб, мае назву «Прыйдзі, любові подых».

Уся актуальная інфармацыя пра перэгрынацыю рэліквій св. Тэрэзы ад Дзіцяткі Езус будзе падавацца на партале Catholic.by.

Кантактная інфармацыя:

для вернікаў і святароў — а. Сяргей Трысцень OCD, а. Пётр Фраштэнга OCD, (e-mail: Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript , маб.: + 375 44 759 45 25; e-mail: Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript , маб.: +375 29 130 18 54).

для прадстаўнікоў СМІ — Ілья Лапато OCDS (e-mail: Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript , маб.: +375 29 360 79 02)

Ілья Лапато OCDS

 
© 2003-2022 Catholic.by