Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці цэлебраваў пахавальную Імшу за маці с. Лаўры Радзішэўскай | Друк |
Беларусь
17.04.2013 20:08

17 красавіка Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці цэлебраваў пахавальную святую Імшу за маці с. Лаўры Радзішэўскай CSFN у санктуарыі ў Ружаным Стоку (Польшча). Крысціна Радзішэўская адышла ў вечнасць 14 красавіка ва ўзросце 67 гадоў.

У пахавальнай урачыстасці прынялі ўдзел каля 40 святароў і 30 сясцёр назарэтанак на чале з правінцыяльнай сястрой Нэрэюшай.

Падчас літургіі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, звяртаючыся да блізкіх і родных спачылай, адзначыў: «Мы адчуваем сябе часткай вашай сям’і, бо сястра Лаўра служыць у нашай супольнасці. Наш дом без сястры — нібы кветка, якая ўжо загінула. Можа, гэта не выпадкова, што пахаванне маёй маці адбылося 15 дзён таму, а маці сястры Лаўры — сёння».

«Страта дарагога чалавека — трагедыя для сям’і, — працягваў Апостальскі Нунцый. — Сям’я, сабраная разам, больш моцная ў час цярпення. Але акрамя цярпення ёсць і ўваскрасенне — і гэтае „але“ самае важнае. Зараз мы перажываем велікодны перыяд, і гэта з’яўляецца цэнтрам нашай веры».

«Ваша мама прабывае ў любові і радасці Пана, — дадаў арцыбіскуп, кажучы пра спачылую. — Дарагая сям’я! Сярод вас ёсць святар і сястра законная, а цяпер вы маеце яшчэ аднаго святога ў небе».

(JM), (AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by