Іерархі з Беларусі ўдзельнічалі ў інгрэсе новага арцыбіскупа Віленскай архідыяцэзіі | Друк |
Беларусь
24.04.2013 00:20

23 красавіка, ва ўспамін св. Юрыя, апекуна Віленскай архідыяцэзіі (Літва), у катэдры св. Станіслава адбыўся інгрэс новага арцыбіскупа Мітрапаліта Гінтараса Грушаса. Беларусь на гэтай падзеі прадставілі Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

У цэлым у літургіі ўдзельнічалі 21 іерарх, некалькі соцень святароў, Прэзідент Літвы Даля Грыбаўскайтэ, былы Прэзідэнт Валдас Адамкус, праваслаўны архіепіскап Вільні і ўсяе Літвы Інакенцій, лютэранскі епіскап і шматлікія віленскія вернікі.

На пачатку ўрачыстасці новы арцыбіскуп у суправаджэнні кардынала Юозаса Бачкіса, які кіраваў архідыяцэзіяй 21 год, Апостальскага Нунцыя ў Літве арцыбіскупа Луіджы Банацці і дапаможнага біскупа Арунаса Панішкайціса ўвайшоў у катэдру і накіраваўся ў капліцу св. Казіміра, дзе памаліўся. Потым урачыстая працэсія, якую ўзначаліў кардынал Бачкіс, накіравалася да галоўнага алтара. Была агучана була папы Францішка аб прызначэнні новага арцыбіскупа. Гэтае прызначэнне стала ў новаабранага Пантыфіка другім пасля прызначэння арцыбіскупа Буэнас-Айрэса. Арцыбіскуп Гінтарас Грушас пад апладысменты заняў месца на троне, і кардынал Бачкіс перадаў яму пастарал — знак улады.

У гаміліі новы Віленскі Мітрапаліт падкрэсліў, што гэтым набажэнствам распачынаецца новая частка шляху віленскага Касцёла, якому вельмі добра падыходзіць азначэнне Другога Ватыканскага Сабору аб Касцёле як падарожнічаючым Божым Народзе, які накіроўваецца да абяцанай зямлі — нябеснага Ерузалема. Як заўважыў іерарх, гэты шлях нялёгкі, аб чым нагадвае гісторыя Літвы і апякун Віленскай дыяцэзіі св. Юрый — воін і мучанік. Пры гэтым новы арцыпастыр падкрэсліў, што сапраўдныя міратворцы не з’яўляюцца пацыфістамі, якія ўсім дазваляюць чыніць усё, што тыя хочуць, але жаўнерамі, якія смела супрацьстаяць нападкам, каб абараніць і захаваць Праўду нават коштам жыцця. Такіх міратворцаў Літва мела многа ў сваёй гісторыі.

Новы арцыбіскуп падзякаваў кардыналу Бачкісу за яго бацькоўскі клопат аб віленскім Касцёле, стварэнне структур і за тое, што пасвяціў яго ў дыяканы, пасля ўдзяліў святарскае пасвячэнне і біскупскую сакру.

Кажучы пра свабоду сваёй краіны, новы арцыпастыр падкрэсліў, што яна залежыць не толькі ад яе абвяшчэння, але і ад разумення свабоды кожным грамадзянінам, заклікаўшы жыць менавіта духоўнай свабодай, якую даў Хрыстус. На жыццёвым шляху павінна быць святло і перспектыва, для чаго трэба глядзець у неба. Да гэтага заклікае таксама Год веры. Неабходна падняць вочы ўверх, каб шчасліва здзяйсняць сваё падарожжа. У гэтым нам дапамагае Бог, які ў сваёй міласэрнасці не адкідае нават найбольшага грэшніка, а прымае яго. Неабходна толькі мець у душы голад Бога: гэта азначае, што неабходна новая евангелізацыя і асабістае аднаўленне людзей, якое распачынаецца ад аднаўлення біскупаў, святароў, кансэкраваных асобаў і вернікаў, каб усе маглі сведчыць Хрыста, каб самім ісці шляхам дасканаласці і дапамагаць іншым.

Новы віленскі арцыпастыр у звароце да вернікаў на польскай мове падкрэсліў, што яму, які выхаваўся ў Злучаных Штатах Амерыкі ў сям’і літоўскіх эмігрантаў, зразумелы клопат літоўскіх палякаў аб сваёй культуры і любоў да краіны, у якой яны прабываюць. У гэтым дапамагае Хрыстус, які вядзе да сапраўднай еднасці.

У звароце на англійскай мове арцыбіскуп Грушас падзякаваў шматлікім гасцям з-за мяжы і заклікаў да братэрскай еднасці.

Апостальскі Нунцый у Літве арцыбіскуп Луіджы Банацці заклікаў новага іерарха дапамагаць святарам, кансэкраваным асобам і ўсім вернікам, быць у Хрысце знакам блізкасці з Богам, а таксама знакам і інструментам адзінства для людзей.  

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by