Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч асабіста сустрэўся з Папам Францішкам | Друк |
Беларусь
03.10.2013 14:51

3 кастрычніка Папа Францішак прыняў удзельнікаў канферэнцыі Папскай рады «Iustitia et pax», якая адбываецца ў Рыме з нагоды 50-годдзя энцыклікі Яна ХХІІІ «Pacem in terris» («Мір на зямлі») і ў якой прымае ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Падчас аўдыенцыі Мітрапаліт асабіста сустрэўся з Папам.

Беларускі іерарх перадаў Пантыфіку яго першую энцыкліку «Lumen fidei» («Святло веры»), перакладзеную на беларускую мову і выдадзеную, паінфармаваўшы аб тым, што ў Мінску адбылася яе прэзентацыя. Святы Айцец падзякаваў і ўважліва перагледзеў выданне.

Затым Папа сам задаў пытанні наконт становішча святара Уладзіслава Лазара. Пры гэтым Пантыфік выказаў вялікую занепакоенасць сітуацыяй з яго арыштам, падобна як учыніў гэта 30 верасня падчас аўдыенцыі для Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці. Папа падкрэсліў, што хоча асабіста ведаць усе падрабязнасці гэтай справы і тое, як яна будзе вырашацца.

 


 

 
© 2003-2024 Catholic.by