Дэлегацыя з удзелам Мітрапаліта Кандрусевіча прадставіла ў зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія канцэпцыю праекту «Мемарыял у Трасцянцы» | Друк |
Беларусь
06.11.2013 11:25

4 лістапада дэлегацыя, у якую ўваходзіць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, прадставіла ў Германіі падрабязную канцэпцыю інтэграванага праекту па стварэнні комплексу «Мемарыял у Трасцянцы». Гасцей прыняў Дзяржаўны сакратар Міністэрства па справах сям’і, дзяцей, моладзі, культуры і спорту зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія Бернд Нойендорф.

«Вывучэнне мінулага з’яўляецца важным кампанентам узаемаразумення ў Еўропе», — адзначыў Дзяржаўны сакратар. Па яго словах, Беларусь «пацярпела ад злачынстваў нацыянал-сацыялізму, генацыду, масавых забойстваў, выгнанняў», і «якія ўрокі неабходна вынесці для пабудовы Еўропы ў міры і абароне правоў чалавека — павінна стаць прадметам шырокіх грамадскіх дэбатаў». Трасцянец, як дадаў Бернд Нойендорф, «якраз з’яўляецца тым месцам, якое асабліва падыходзіць для сумеснага ўшанавання памяці беларусамі і немцамі і для жывой працы над культурай памяці».

Упраўляючы справамі Міжнароднага адукацыйнага цэнтра (Дортмунд) Петэр Юнге-Вентруп, які ўваходзіць у склад дэлегацыі, выказаў радасць з прычыны, што зямля Паўночны Рэйн-Вестфалія падтрымлівае сумесны праект і ставіць у цэнтр увагі жывы працэс навучання.

Тыя, хто працуе над захаваннем помнікаў гісторыі ў зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія, і старшыня Міжнароднага адукацыйнага цэнтра (Дортмунд) Маціяс Цюмпель падкрэслілі ўнікальны гістарычны шанс: «Калі мы не рэалізуем праект па стварэнні мемарыяльнага комплексу ў Трасцянцы зараз, то, магчыма, гэта ўжо ніколі і не атрымаецца».

Настаяцель прыходу Усіх Святых у Мінску протаіерэй Фёдар Поўны выказаў надзею, што нямецка-беларуская сумесная ініцыятыва адкрывае новую эру ў працы над культурай памяці і прымірэння. Кіраўнік праектаў УП «Мінскпраект» Ганна Аксёнава адзначыла: «Мемарыяльны комплекс у Трасцянцы задуманы не столькі для памяці забітых, колькі для будучых пакаленняў, каб яны памяталі пра мінулае і не паўтарылі тыя жахі».

Новы мемарыяльны помнік «Дарога смерці» плануецца стварыць у памяць аб шматлікіх ахвярах Халакосту, якія былі дэпартаваны ў Беларусь у асноўным з Дзюсельдорфа, Бонна і Кёльна.

Дортмундскі Міжнародны адукацыйны цэнтр для ажыццяўлення гэтага праекту арганізаваў акцыю па зборы ахвяраванняў. Зямля Паўночны Рэйн-Вестфалія падтрымлівае дадзены праект, накіраваны на «пераадоленне межаў» і ўвекавечванне памяці аб ахвярах Халакосту, выказаўшы гатоўнасць аказаць садзейнічанне па арганізацыі памятнай паездкі па закладцы каменя ў чэрвені 2014 г. Для рэалізацыі інтэграванага праекту мемарыяла нямецкі бок гатовы ўзяць на сябе палову расходаў па яго ўзвядзенні.

(AG)


 

 
© 2003-2025 Catholic.by