Агульнабеларуская сустрэча святароў пачалася ў Мінску | Друк |
Беларусь
15.11.2013 12:55

15 лістапада ў Чырвоным касцёле ў Мінску адкрылася ІІ агульнабеларуская сустрэча святароў. Сустрэча праводзіцца на заканчэнне Года веры, абвешчанага ў Каталіцкім Касцёле Папам Бэнэдыктам XVI, і мае назву «Lumen fidei – fidelitas sacerdotalis» («Святло веры – святарская вернасць»).

Тэма сустрэчы атрымала натхненне з першай энцыклікі Папы Францішка «Lumen fidei» («Святло веры»). Сустрэча з’яўляецца другой па ліку: першая адбылася 4 жніўня 2009 г. у Чырвоным касцёле і была прымеркавана да Года святарства.

Сустрэча пачалася малітвай літургіі гадзінаў. Адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту. Айцец Станіслаў Памыкала SI прамовіў духоўную канферэнцыю, у якой, між іншым, нагадаў словы Езуса: хто будзе верны ў малым, той будзе верным у вялікім. «Малое - гэта нашы сэрцы», — патлумачыў святар, дадаўшы, што, каб быць вернымі ў малым, унутры сябе, каб змагацца са сваёй нявернасцю, трэба слухаць Божае слова, прыбягаць да малітвы і споведзі. Айцец Станіслаў Памыкала прапанаваў святарам паразважаць і над пытаннем, «ці ўмеем мы прыняць Божы народ». Божага народа, па словах святара, няма без Эўхарыстыі, таму неабходна маліцца аб тым, каб «па-сапраўднаму цэлебраваць Эўхарыстыю». На заканчэнне а. Памыкала нагадаў пра важнасць малітвы брэвіярыя ў святарскім жыцці.

Да ўдзельнікаў звярнуўся Мітрапаліт Мінска-Магілеўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. «Мы вучым і заклікаем іншых да адзінства. Але, у той жа час, ці самі можам служыць іншым добрым прыкладам? — паставіў пытанне арцыпастыр. — Неабходна звярнуць асаблівую ўвагу на еднасць як паміж духоўнымі асобамі, так і паміж імі і вернікамі, што ў наш час з’яўляецца немалой праблемай». «Мы павінны памятаць таксама аб тым, што пакліканы служыць, а не валадарыць, — падкрэсліў іерарх. — У нашым святарскім служэнні мы павінны браць прыклад з Езуса. Не быць толькі цэлебруючымі сакрамэнты аўтаматамі, але сапраўднымі слугамі».

«Ужо мінулі часы, калі людзі шукалі святара. Сёння нам, святарам, трэба іх шукаць. Таму ў сваёй дзейнасці нам неабходна выкарыстоўваць усе магчымасці, каб данесці Добрую Навіну іншым, — звярнуў увагу Мітрапаліт. — Неабходна шырэй выкарыстоўваць новыя арэапагі сучаснасці, такія, як свет навукі, культуры, медыя, спорту. Гэта і будзе наш адказ на заклік Папы, бо ў наш час неабходна не толькі хрысціць навернутых, але і навяртаць ахрышчаных».

«Усе мы служым тым самым людзям і працуем на карысць таго ж самага Касцёла, і таму ўсе слугі алтара аднадушна павінны ўключацца ў рэалізацыю агульнабеларускіх і агульнадыяцэзіяльных душпастырскіх праектаў, а не засяроджвацца толькі на лакальных, ігнаруючы агульныя, бо інакш мы будзем падобныя да лебедзя, рака і шчупака з басні Івана Крылова і наш душпастырскі воз застанецца на месцы», — адзначыў арцыбіскуп.

Іерарх нагадаў, што «для паспяховага выканання пастырскіх заданняў неабходна сталая чалавечая, духоўная, інтэлектуальная і пастырская фармацыя»: «Калі ў дзяржаве існуюць курсы павышэння кваліфікацыі розных спецыялістаў, то чаму мы нярэдка думаем, што з завяршэннем семінарыі наша фармацыя таксама завяршылася? Без яе, асабліва без малітвы, мы станем падобнымі да сухога дрэва, якое не дае плёну».

Поўны тэкст слова>>>

Да святароў звярнуўся таксама Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Арцыбіскуп прызнаўся, што для яго вялікі гонар быць у гэты дзень разам з беларускім духавенствам. Прадстаўнік Папы выказаў надзею, што праца ў групах падчас сустрэчы «дапаможа выявіць, у чым нашы праблемы і дзе наша надзея».

Апостальскі Нунцый нагадаў святарам, што два месяцы таму сустракаўся ў Рыме з Папам Францішкам, і распавёў удзельнікам сустрэчы аб тым, што запытаўся ў яго Пантыфік і што прасіў перадаць духавенству ў Беларусі. Першым пытаннем, якое паставіў Папа, было: «Якія святары ў Беларусі?» Святы Айцец пытаўся таксама: «Ці багатыя яны?», а пасля дадаў. што «ў духавенстве не павінна быць больш багатых і бедных». Па словах арцыбіскупа, Святы Айцец пытаўся, «ці з'яўляюцца гэтыя святары прапаведнікамі Божай міласэрнасці, або яны суровыя да людзей і імкнуцца паказаць, наколькі людзі грэшныя?». Словамі Пантыфіка было: «Ці не былі беларусы ў сваёй гісторыі занадта жорстка трактаваныя, каб яшчэ і святары былі да людзей жорсткімі падчас споведзі?» 

Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці перадаў прысутным таксама наступныя словы Папы: «Я не баюся за святароў, якія робяць памылкі, якія слабыя, часамі падаюць, - я баюся святароў карумпіраваных, якія звонку здаюцца прыгожымі, але ўнутры поўныя бруду. Гэтыя святары ператварыліся ў функцыянераў, і, магчыма, яны ўжо ні ў што не вераць». Пачынаецца з таго, што «яны больш не моляцца, а затым губляюць адрозненне дабра ад зла ў сваім сумленні».

«Папа Францішак гаворыць вельмі проста, але вельмі ясна і адназначна», — адзначыў Апостальскі Нунцый. Па словах іерарха, Пантыфік падкрэсліў: «Нам патрэбныя святары, годныя народа, які пакутаваў». Святы Айцец, як сказаў арцыбіскуп, папрасіў перадаць святарам і біскупам Беларусі, «каб яны ішлі разам», «гаварылі паміж сабой, адкрылі сэрцы адзін аднаму, бо ў Касцёле няма генерала і радавога - ёсць толькі браты». Прадстаўнік Папы дадаў, што кожнаму з беларускіх святароў Пантыфік прасіў перадаць сваё благаслаўленне і абняць кожнага з іх.

Ксёндз доктар Уладзімір Гуляй агучыў даклад «Святар на службе Касцёлу і грамадству ў сучаснай рэчаіснасці». У прыватнасці, выступоўца адзначыў: «Святар не зможа плённа выконваць гэты падвойны акт святарства – надзяленне хлебам слова і хлебам Панскай Вячэры, калі спачатку не сагне перад людзьмі свае калені, накшталт свайго Настаўніка, у духу пакоры і служэння. (...) Святар не павінен клапаціцца ні пра павагу да сябе, ні пра якую-небудзь уладу, а надаваць значэнне толькі аўтарытэту, які вынікае з імкнення прысвяціць сябе людзям. Кожнаму, хто просіць у яго дапамогі, святар павінен адказаць: „Я да тваіх паслуг. Я належу табе, таму што належу Езусу”». «Для служэння сучаснаму разгубленаму чалавецтву Касцёлу неабходны – нібы паветра – святыя, мудрыя, міласэрныя, напоўненыя любоўю да людзей, устойлівыя перад матэрыяльнымі спакусамі, вольныя ад пыхлівасці, легкадумнасці і бруду святары, якія пастаянна будуць шукаць згубленых душ і весці іх бяспечным шляхам да збаўлення, — адзначыў кс. Уладзімір Гуляй. — Неабходна весці давераных нам маладых людзей да Хрыста, стаўшы для іх нечым накшталт Бэтлеемскай зоркі (...) Мы выканаем наша фундаментальнае заданне, калі не толькі будзем гаварыць пра Бога, але будзем пастаянна размаўляць з Ім у малітве; калі будзем кожны дзень памятаць, што нам недастаткова жыць з Евангеллем, але трэба жыць гэтым Евангеллем».

«Святары не маюць права замыкацца ў сценах касцёльных будынкаў, у плябаніях, сакрыстыях, ціхіх кабінетах або коле блізкіх сяброў. Нам належыць удзельнічаць у перамене свету, належыць ісці да людзей і прапаведаваць ім Добрую Вестку ўсюды, дзе гэта магчыма (...) Святарам нельга адмаўляцца ад дыялогу з людзьмі добрай волі, нельга адмаўляцца ад супрацоўніцтва са свецкімі людзьмі, — падкрэсліў кс. Уладзімір Гуляй. — Трэба рашуча клапаціцца пра тое, каб людзі сустракаліся з Хрыстом падчас Імшы і прыступалі да святых сакрамэнтаў. З такіх рэальных сустрэч з Хрыстом, а не з туманных чутак пра Яго, нараджаецца вера».

Выступоўца звярнуў увагу, што «сучасны святар павінен быць добра адукаваным, дасведчаным у галіне задач, якія належыць выканаць, а ў першую чаргу падобным да Хрыста ў Яго пакоры, беднасці, чыстасці і любові да бліжняга»; «павінен быць тонкім умельцам, спецыялістам-прафесіяналам і віртуозным лекарам, здольным распазнаць тонкія і глыбокія духоўныя з’явы»; «быць адначасова адукаваным чалавекам, які валодае мастацтвам слова, які мае густ, такт, чуласць, вытанчанасць і сілу», і «ўсё гэта належыць выконваць у прастаце праўды, у пакоры любові».

Поўны тэкст даклада>>>

У межах сустрэчы адбудуцца круглыя сталы. Завяршэннем стане святая Імша, якую ўзначаліць біскуп Аляксандр Кашкевіч.

Анастасія Грышан






 
© 2003-2024 Catholic.by