У Варшаве Зянон Пазняк выдаў кнігу пра беларуcкае сэрца і душу | Друк |
Беларусь
09.01.2014 09:20

У Польшчы на пачатку 2014 года выйшла новая кніга Зянона Пазняка «Тэрра Дэй». На 400 –ох старонках кнігі сабраныя каля трох сотняў фатаграфій, амаль столькі ж вершаў, дзясяткі апавяданняў, эсэ і артыкулаў.

Пра сваю новую кнігу аўтар распавёў «Польскаму радыё».

Зянон Пазняк так кажа пра назву і змест: «Тэрра Дэй» — гэта лацінскі выраз, які абазначае «зямля Бога». Чаму я яе так назваў? Нават не ведаю. Само сабой так атрымалася. Але падтэкст без намёку: гэтая зямля, гэтыя людзі, гэтае жыцьцё! Гэта ўсё ёсць Божая сіла. З разумення гэтай пазіцыі я і сыходзіў. Але гаворка не пра чыста рэлігійны падыход: гэта шуканне сэнсу існавання, сэнсу жыцця, сэнсу свайго існавання…»

Кніга складаецца з трох раздзелаў:
  • Фатаграфіі і вершы
  • Апавяданні
  • Народная філасофія

«Я іду ад таго жыцця, у якім я нарадзіўся, з тымі людзьмі, якіх я ведаю і якія ацэньваюць жыццёвыя з’явы. Я сыходжу з народных ацэнак, простых і сутнасных рэчаў: што такое шчасце, для чаго чалавек жыве, што такое каханне, быццё!» — кажа Зянон Пазняк, адзначаючы празаічны другі раздзел.

Ствараючы кнігу пра душу народа, аўтар адзначае, што «народ — гэта Божае тварэнне. Сутнасць у тым, што ўсё існуе ў парадку. Не можа быць парадку без арганізуючай сілы. Увесь космас існуе, і ўсё нашае існаванне складваецца паводле анталагічных заканамернасцяў быцця. Жыццё згодна гэтага парадку і ёсць свабода. Той, хто не хоча жыць паводле вышэйшага парадку, робіцца нявольнікам — сваіх страсцяў, прэтэнзій, пыхі, трапляе ў палон нянавісці, свет для яго робіцца чужым».

(AYU)

 

 
© 2003-2024 Catholic.by