Упершыню ў беларускім перакладзе выдадзены «Дзённік» св. Фаўстыны Кавальскай | Друк |
Беларусь
29.09.2014 10:20

У выдавецтве «Pro Christo» пабачыў свет «Дзённік» святой сястры Фаўстыны Кавальскай. Кнігу, упершыню выдадзеную на беларускай мове, пераклала Крыстына Лялько.

Выхаду гэтае кнігі даўно чакалі беларускія вернікі. І не дзіўна: «Дзённік» — бестселер сусветнай містычнай літаратуры. Гэта адначасова захапляльная гісторыя адносінаў душы з Богам і падручнік цярпення, пакоры ды малітвы, шчодрае аб’яўленне Божай міласэрнасці і кніга-гімн на яе хвалу.

«Дзённік», які складаецца з шасці сшыткаў і дадатку «Мая падрыхтоўка да святой Камуніі», сястра Фаўстына пісала на працягу апошніх чатырох гадоў жыцця (1934–1938) па наказе спаведнікоў і выразным загадзе Езуса Хрыста. У кнізе апісаныя містычныя сустрэчы святой з Панам Богам і перададзена пасланне Божай Міласэрнасці, якое так патрэбнае ўсяму сучаснаму свету і кожнаму чалавеку паасобку. Таму гэта адна з кніг, што назаўсёды перамяняюць душу чытача і да якіх можна шматразова звяртацца на працягу ўсяго жыцця.

Падзеі, апісаныя ў «Дзённіку», распавядаюць пра зараджэнне культу Божай Міласэрнасці, у прыватнасці пра гісторыю стварэння абраза Езуса Міласэрнага, устанаўлення свята Божай Міласэрнасці, з’яўлення і распаўсюджвання Вяночка да Божай Міласэрнасці, а таксама адпаведнай літаніі і навэнны. З гэтым набажэнствам Пан Езус звязваў вялікія абяцанні і прасіў сястру Фаўстыну перадаць іх усяму чалавецтву: «Я абяцаю, што душа, якая будзе ўшаноўваць гэты абраз, не загіне. Абяцаю таксама ўжо тут, на зямлі, перамогу над непрыяцелямі, і асабліва ў гадзіну смерці. Я сам буду ахоўваць яе як сваю хвалу»; «з душамі, якія будуць прыбягаць да Маёй міласэрнасці і якія будуць яе праслаўляць і абвяшчаць іншым пра Маю вялікую міласэрнасць, Я паступлю ў гадзіну смерці адпаведна Маёй бясконцай міласэрнасці» (Дз., 48,379).

Кніга перапоўнена сведчаннямі, просьбамі, благаслаўленнямі і абяцаннямі, якія сам Пан Бог перадае нам праз сястру Фаўстыну.

З гэтаю кнігаю нібы нанова перажываеш усё сваё жыццё, пераглядаючы яго ў іншым святле — у ззянні Божай міласэрнасці. Пачынаеш па-іншаму ўспрымаць свае дасягненні і няўдачы, свае жаданні і мары... Душа спакайнее і лагаднее, ды ўслед за святою Фаўстынаю хоча паўтараць: «Я змучана і спрацавана, // Але сумленне мне сведчыць аб тым, // Што я раблю ўсё для большай хвалы Пана, // Пан — мая спадчына і мой спачын» (Дз., 1000)...

Ганна Шаўчэнка, ave-maria.by


 
© 2003-2024 Catholic.by