Прэзентацыя кнігі Аляксандра Надсана — духоўнага пісьменніка Беларусі — прайшла ў Мінску | Друк |
Беларусь
30.10.2014 18:35

28 кастрычніка ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбылася прэзентацыя кнігі Аляксандра Надсана «Выбранае», укладальнікам і аўтарам каментарыяў да якой з’яўляецца Ірына Багдановіч.

Таксама да прэзентацыі была падрыхтавана Вольгай Губанавай, малодшым супрацоўнікам аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў, спецыяльная выстава «Слухай, неба, і пачуй, зямля: з нагоды выдання збора твораў а. Аляксандра Надсана».

«Уладар нябесны…»

На распачацце сустрэчы прывітальнае слова прамовіў Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, які адзначыў, што падчас прэзентацыі кнігі твораў Аляксандра Надсана прысутныя могуць правесці час «у духоўнай сугучнасці з айцом Алякандрам, ушанаваць памяць яго змаганняў, вынікам якіх стала яго навуковая творчасць».



Выданне кнігі архімандрыт назваў подзвігам, для якога патрэбны іншы подзвіг — подзвіг жыцця, сведчання і творчасці. Пасля гэтых слоў а. Сяргей Гаек прапанаваў усім прысутным далучыцца да малітвы за а. Аляксандра.

«Уладар нябесны…» — малітву, якую на беларускую мову пераклаў а. Аляксандр Надсан, паўтаралі ўдзельнікі і госці прэзентацыі.

Першаадкрывальнік рэлігійнай тэматыкі ў навуцы


Падчас прэзентацыі слова было дадзена Адаму Мальдзісу, доктару філалагічных навук, Пятру Краўчанку, палітыку і грамадскаму дзеячу, кандыдату гістарычных навук, галоўнаму рэдактару выдавецтва «Беларускі кнігазбор» Кастусю Цвірку, кандыдату гістарычных навук Наталлі Гардзіенка, Лідзіі Савік, аўтару прадмовы да кнігі Аляксандра Надсана «Выбранае».


Лідзія Савік адзначыла, што а. Аляксандра можна лічыць першаадкрывальнікам рэлігійнай тэматыкі ў беларускай навуцы, чалавекам, які заслугоўвае асобнай кнігі пра яго самога.

У прэзентацыі таксама ўдзельнічалі Таццяна Матафонава, якая выканала спеў «Авэ Марыя», гурт Laudans, які прадставіў спевы на верш Ірыны Багдановіч і Караля Вайтылы (св. Яна Паўла ІІ).

Ірына Багдановіч, укладальніца кнігі, на пачатку прамовы перадала ўсім прысутным удзячнасць і благаслаўленне ад а. Аляксандра Надсана, якому яна тэлефанавала ў Лондан напярэдадні прэзентацыі. Даследчыца і літаратуразнаўца падзялілася момантамі працы над кнігай, пошукам матэрыялаў і падрыхтоўкай каментароў.
 
Першы спавяднік укладальніцы


Таксама Ірына Багдановіч прызналася, што а. Аляксандр — гэта не толькі чалавек, чые навуковыя працы яна сабрала ў кнігу, але гэта яшчэ і яе духоўны айцец, святар, праз якога яна ўпершыню прыняла сакрамэнт пакаяння.

Даследчыца падкрэсліла святарскае разуменне а. Аляксандра і ўменне прыняць іншага чалавека, уменне весці чалавека, які шукае, ідзе да веры, уменне даць гэтаму чалавеку духоўнае падмацаванне.

«Я зразумела, што Аляксандр Надсан — гэта духоўны беларускі пісьменнік, асветнік, які дае нам  пазнаць Божую праўду аб чалавеку і аб сваёй краіне не толькі праз Божае слова, гаміліі, але і праз сваю навуковую дзейнасць. Ён праз навуковую праўду дапамагае пазнаць праўду Створцы», — дадала Ірына Багдановіч.

Аксана Ючкавіч
 
© 2003-2024 Catholic.by