«Выпрабавана на сабе»: як зрабіць адвэнтавы каляндар для дзяцей? | Друк |
Беларусь
15.12.2014 15:00

Каб пазнаёміць сваю дачку з традыцыямі Адвэнту, парафіянка касцёла Маці Божай Фацімскай у Жодзіне Марыя Колесава-Гудзіліна распрацавала адмысловы адвэнтавы каляндар. Першым заданнем для дачкі Сафіі стала пісьмо св. Мікалаю.

«Як я рабіла адвэнтавы каляндар»

Марыя Колесава-Гудзіліна разам з мужам і дзвюма дочкамі жыве ў Жодзіне. Муж Марыі — фатограф у сталічнай газеце, сама маладая мама працуе ў адвакацкай канторы, паралельна піша кандыдацкую дысертацыю.

Марыя прызнаецца, што парафіяльнае жыццё ў Жодзіне не менш насычанае, чым у сталіцы: сужэнскія сустрэчы і рэкалекцыі для маладых сем’яў, пілігрымкі, заняткі для розных груп і людзей рознага ўзросту, нават танцавальныя курсы.



«Нашы дзеці яшчэ маленькія (малодшай Стэфаніі — толькі год, старэйшай Сафіі — тры гады), таму на дадзеным этапе найлепшы расповед пра Бога — гэта ўласны прыклад, — разважае Марыя. — Усе разам мы ходзім на святую Імшу, і дзеці з маленства далучаюцца да хрысціянскай супольнасці, разам з усімі перажываючы ўрачыстасці і святы».

Старэйшая дачка Гудзіліных, Сафія, нягледзячы на маленькі ўзрост, разам з бацькамі ўжо ходзіць на Рараты.

«Ёй падабаецца хадзіць са свечкай і быць разам з іншымі дзецьмі, але Божае слова яна слухае пакуль не вельмі ўважліва, — тлумачыць Марыя. — Для яе гэта хутчэй спосаб развіцця як дзіцяці — сацыялізацыі і інтэграцыі ў супольнасць».

Па прызнанні маладой мамы, ідэю адвэнтавага календара для дачкі яна пабачыла ў інтэрнэце.

Традыцыя адвэнтавых календароў у Беларусі вядомая мала. Затое вялікай папулярнасцю яны карыстаюцца ў каталіцкіх краінах Заходняй Еўропы.

Летась у змайстраваным сям’ёй Гудзіліных календары былі проста падарункі. Сёлета каляндар папоўніўся і заданнямі ад святога Мікалая — гульнямі і даручэннямі (зрабіць папяровую цацку, размалёўку, змайстраваць стаенку, калядны вянок і г.д.).

«Мэта такіх календароў — у падрыхтоўцы дзіцяці да Божага Нараджэння і больш плённага перажывання Адвэнту», — дадае Марыя.

Найбольш распаўсюджаная форма календара — гэта скрыначка з акенцамі, колькасць якіх адпавядае дням Адвэнту. У кожнай скрыначцы змешчаны цукеркі альбо іншыя сімвалічныя падарункі. Адчыніць акенца дзіця можа адзін раз на дзень пасля таго, як выканае адмысловае заданне або зробіць добры ўчынак.

«Калі дзеці стануць старэйшымі, то ў адвэнтавым календары будуць змяшчацца і ўрыўкі са Святога Пісання, каб знаёміць нашых дзяцей з Божым словам», — кажа Марыя.

— Як рэагуе Ваша дачка на падрыхтаваныя заданні?

— Дачушка ўспрымае гэта не толькі як вясёлую гульню, але і як частку свайго жыцця. З ахвотай стараецца выканаць чарговае заданне і чакае наступнага. За ёй з цікавасцю назірае і наша малодшая дачушка, таму хутка каляндар будзе майстравацца ўжо з разлікам на дзвюх дзяўчынак (усміхаецца — заўв. аўт.)



Кожны занятак з календара накіраваны на развіццё розных здольнасцяў — уменне маляваць, выразаць, слухаць, выконваць даручэнні, запамінаць. Напрыклад, у першы дзень мы напісалі ліст св. Мікалаю.  



— Як удаецца зацікавіць маленькіх дзяцей падчас Імшы?

— На Імшы за імі, вядома, яшчэ трэба ўважліва сачыць. Дзеці маленькія і доўга на адным месцы сядзець не могуць, таму ўвагу прыцягваем кніжкамі, гульнямі і печывам (усміхаецца — заўв. аўт.).

Часам сустракаецца непаразуменне з боку старэйшага пакалення, але гэта натуральная з'ява. Да таго ж у нашай парафіі з разуменнем ставяцца да дзяцей — у касцёле для іх поўная свабода.

***

«Быць на Імшах з дзецьмі — не толькі традыцыя, але і наш духоўны абавязак, — дадае Марыя. — І гэта не нейкая там рэклама, гэта традыцыйнае рэлігійнае выхаванне, пабудаванае на хрысціянскіх каштоўнасцях. Калі дзеці жывуць гэтымі каштоўнасцямі з маленства, то для бацькоў гэта найлепшы падарунак».

Падрыхтаваў Ілья Лапато
фота з архіва сям’і Гудзіліных

 
© 2003-2024 Catholic.by