Першыя дні Вялікага посту ў Беларусі пазначаны як дні цвярозасці. У гэтыя дні ў касцёлах краіны святары заахвочваюць скласці абяцанні ўстрымання ад ужывання алкаголю на працягу пэўнага часу або на ўсё жыццё. Свае абяцанні вернікі пакідаюць у спецыяльных «Кнігах цвярозасці».
Напрыклад, у Польшчы адзначаецца «Тыдзень цвярозасці», які ў гэтым годзе распачаўся 15 лютага. У Беларусі ж перажываюцца тры дні цвярозасці і духу пакуты: першыя чацвер, пятніца і субота Вялікага посту.
Гэты час з’яўляецца часам разваг, малітвы і пакуты ў інтэнцыі тых, хто злоўжывае алкаголем. Для беларускага грамадства праблема алкагалізму з’яўляецца вельмі сур'ёзнай. Напрыклад, колькасць беларусаў, хворых на алкагалізм і псіхозы, выкліканыя алкаголем, у 2013 годзе, паводле дадзеных Белстату, склала 21 722 асобы. Таксама ў краіне павялічваецца вытворчасць алкагольных напояў. За апошнія 10 гадоў яна павялічылася амаль у два разы. 
Паводле Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў штогадовым дакладзе «Аб стане ў галіне алкаголю і здароўя-2014», Беларусь знаходзіцца на першым месцы па ўжыванні чыстага спірту на душу насельніцтва.
У сярэднім адзін жыхар рэспублікі, старэйшы за 15 гадоў, ужывае 17,5 літраў чыстага спірту ў год. Мужчыны п’юць больш — 27,5 літраў чыстага спірта, жанчыны менш — 9,1 літраў.
Менавіта таму Касцёл як у Беларусі, так і ў свеце заахвочвае да змагання з гэтай знішчальнай хваробай сучаснага грамадства.
(AYU)
|