Сакратар Кангрэгацыі па справах Духавенства здзейсніў візіт у семінарыю ў Пінску | | Друк | |
Беларусь |
20.05.2015 23:03 |
У праграме візітацыі былі прадугледжаны сустрэчы з семінарыстамі, фарматарамі і выкладчыкамі. Таксама арцыбіскуп Хорхэ Карлас Патрон Вонг узначаліў святую Імшу ў семінарыйнай капліцы, на якой прысутнічалі акрамя семінарыйнай супольнасці спаведнікі семінарыі, кансэкраваныя асобы і некаторыя выкладчыкі.
У гаміліі арцыбіскуп звярнуў увагу прысутных на тры асноўныя моманты: будаванне супольнасці на Найсвяцейшай Ахвяры Эўхарыстыі; узаемасувязь выхавацеляў і выхаванцаў семінарыі, неабходнасць вучыцца адзін ад аднаго, а таксама сапраўдная евангельская радасць. 20 мая сакратар кангрэгацыі накіраваўся з Пінска ў Гродна на сустрэчу з супольнасцю гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі.
Супольнасць Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі выказвае ўпэўненасць, што гэты візіт, сустрэчы і гэты час дапамогуць палепшыць фармацыйны працэс у семінарыі і накіраваць тых, хто знаходзіцца на шляху да святарства, на яшчэ большае наследаванне Хрыста-Збаўцы, што неабходнa для фармавання сапраўдных святароў, якія ва ўсім будуць спаўняць Божую волю. Андрэй Багдановіч |