У Курапатах на адным з крыжоў усталявалі шыльду памяці закатаваных з Прыбалтыкі | Друк |
Беларусь
17.06.2015 11:09

15 чэрвеня ў мемарыяле Курапаты на адным з крыжоў усталявалі шыльду ў памяць закатаваных на гэтым месцы прадстаўнікоў Літвы, Латвіі і Эстоніі.

«Памяці жыхароў краін Балтыі, растраляных НКУС у 1940 г.» — словы, пазначаныя на шыльдзе.

Акцыю зладзілі грамадская арганізацыя «Мемарыял» і ініцыятыва «За ўратаванне Курапатаў». У мерапрыемстве прынялі ўдзел пасол Латвіі ў Беларусі Міхаіл Папкоўс, пасол Эстоніі ў Беларусі Майт Мартынсан і міністр-саветнік пасольства Літвы Ірэна Усайтэ.

Як выказвае сваё меркаванне, якое падаецца на svaboda.org, гісторык Ігар Кузняцоў, «частку рэпрэсаваных жыхароў Прыбалтыкі расстралялі ў Курапатах. Доказ гэтага быў знойдзены ў адным з курапацкіх пахаванняў, якое раскапалі «чорныя капальнікі» яшчэ ў 2009 годзе».

«Балтыйскі крыж» знаходзіцца за вялікім курапацкім каменем, прыкладна за 50 метраў на поўнач ад яго, непадалёк ад слупа з мемарыяльнай шыльдай пра пахаванне Мойшы Крамэра і Мардэхая Шулькеса.

Пасол Латвіі ў Беларусі Міхаіл Папкоўс падзякаваў беларускім грамадскім актывістам за іх працу па ўшанаванні памяці закатаваных у Курапатах і выказаў спадзяванне, што «раней ці пазней да гэтай працы далучыцца і дзяржава».

Таксама 13 чэрвеня ва ўрочышчы Курапаты адбылася талака, падчас якой было ўсталявана 28 новых металічных крыжоў.

(AYU)

 
© 2003-2025 Catholic.by