«Знаходжуся пад вялікім уражаннем ад гасціннасці беларусаў»: «Magnificat» вачыма яго ўдзельнікаў | | Друк | |
Беларусь |
03.09.2015 14:53 |
![]() кРасказвае Ірына Дзядчанка, Расія: «Я займаюся прадзюсіраваннем хрысціянскага дакументальнага кіно і ўжо не ў першы раз прыязджаю на "Magnificat", тут пануе непаўторная атмасфера дабрыні і сяброўства. ![]() Судакрананне са светам хрысціянскага дакументальнага кіно дае мне добрую магчымасць распавесці аб тым, што звязана з гісторыяй маёй сям’і. У мінулы раз я прывозіла фільм, у якім распавядаецца пра лёс Яанны Патрыкеевай, духоўнай дачкі ўладыкі Серафіма Звяздінскага. Мая бабуля ў сваю чаргу была яе духоўнай дачкой. Гэтым разам таксама не трэба было шмат думаць над сюжэтам фільма. Адзін з яго герояў — мой духоўнік. Фільм «Храм. Ікона. Мікалай» зняты перадусім пра жыццё звычайнай расійскай вёскі, дзе вернікі разам са святаром пабудавалі храм. Адна з жанчын знайшла стары і знішчаны абраз святога Мікалая Цудатворцы, які пасля рэстаўрацыі заняў пачэснае месца ў святыні. А яшчэ гэты фільм пра яе алтарніка Мікалая: у свой час хлопец не змог пайсці ў семінарыю, бо трэба было апекавацца хворай маці. Цяпер жа яго мара пра служэнне Пану здзейснілася — і ў дождж, і ў снег ён ідзе ў святыню». Расказвае Карло дэ Б’язэ, Італія: «Упершыню я прыехаў на "Magnificat" у 2007 годзе. На адным з фестываляў Юрый Гарулёў убачыў мой фільм "Плакала Маці Божая ў Сіракузах" і запрасіў мяне прыехаць у Беларусь. І менавіта гэты мой фільм атрымаў Гран-пры фестывалю. З таго часу я неаднаразова наведваў фестываль, прэзентуючы свае фільмы. Тут непаўторная атмасфера, сюды хочацца вяртацца зноў і зноў. ![]() Сёлета я прывёз фільм "У вачах Марчэла". З героем гэтай кінастужкі Марчэла К’яндзі я пазнаёміўся ў 1981 годзе, за два гады да яго смерці. Я тады працаваў на тэлебачанні і браў у яго інтэрв’ю. Чым мяне прывабіла яго постаць? Як хрысціянін я бачу розніцу паміж беднымі і багатымі, паміж жыццём першага і трэцяга свету, і я згодны з Папам Францішкам, што мы павінны змяняць гэты свет да лепшага. Марчэла быў багатым чалавекам, які пакінуў усё, каб дапамагаць іншым — да канца жыцця ён пражыў у лепразорыі ў Бразіліі. Падчас пантыфікату Папы Бэнэдыкта XVI быў распачаты працэс беатыфікацыі Марчэла, а налета Папа Францішак абвесціць яго благаслаўлёным. Нядаўна я знайшоў кіназдымкі і фатаграфіі, які рабіліся для Марчэла і ім самім. Я адрэстаўраваў іх і зрабіў з іх фільм, які дэманструе гісторыю яго навяртання. Ці не ўпершыню чалавек, які неўзабаве будзе абвешчаны благаслаўлёным, распавядае пра сябе сам. Аднак, на жаль, у свеце Марчэла К’яндзі з’яўляецца малавядомай постаццю. І сваю місію я бачу ў тым, каб расказаць як мага большай колькасці людзей пра гэтага незвычайнага чалавека». Расказвае Армэн Гаспаран, Арменія: «На "Magnificat" прыязджаю не першы раз. Мне падабаецца, што фестываль — экуменічны, у яго праграме фільмы прадстаўнікоў розных хрысціянскіх веравызнанняў. Кінастужка, якую прывёз сёлета я, называецца "Белы дзень" — гэта фільм пра народную памяць. Ён быў зняты за адзін дзень, доўгім быў толькі працэс мантажу. ![]() Фільм прысвечаны памяці ахвяр генацыду армянскага народа, гадавіну якога мы адзначаем 24 красавіка. 24 красавіка 1915 года ў Стамбуле былі забіты больш за 200 чалавек армянскай нацыянальнай эліты, што паклала пачатак генацыду армянскага народа ў Асманскай імперыі. Вынікам стала вынішчэнне больш за паўтара мільёна чалавек. На той час Арменія не мела сваёй дзяржаўнасці: Усходняя Арменія знаходзілася ў складзе Расійскай імперыі, Заходняя — у складзе Асманскай. 24 красавіка ў Арменіі — дзень жалобы, непрацоўны дзень, калі армяне з раніцы да вечару ідуць да мемарыяльнага комплекса, які даслоўна называецца «Крэпасць ластаўкі», і аддаюць даніну памяці загінулым. У Арменіі няма сям’і, якую б не закранула гэтая трагедыя. Генацыд армян адбыўся на іх уласнай зямлі, там, дзе яны жылі спрадвеку. Такім чынам знішчаўся не толькі генафонд нацыі, знішчалася культура і рэлігія армянскага народа, іх святыні. 24 красавіка 2015 года споўнілася сто гадоў з пачатку гэтай жудаснай трагедыі. Трэба нагадаць, што генацыд армян у Асманскай імперыі адбыўся і таму, што яны былі хрысціянамі, гэта значыць, яны пацярпелі за веру. 23 красавіка гэтага года святы Эчміадзін кананізаваў загінулых армян. За два тыдні да гэтага ў Ватыкане была адслужана святая Літургія па армянскім абрадзе і прадстаўнік армянскага народа, паэт і філосаф Грыгорый Нарэкацы быў абвешчаны Доктарам Касцёла. Адказвае Анэта Бугайска, Польшча: «Я неаднаразова бывала на розных фестывалях, але магу сказаць, што "Magnificat" сапраўды ўнікальны. Хоць у Беларусі я ўпершыню, але знаходжуся пад вялікім уражаннем ад гасціннасці і пазітыўнасці беларусаў, ад таго, як мяне прынялі на фестывалі. На "Magnificat" я пазнаёмілася з людзьмі з розных краін, але ўсіх нас яднае адно — усе мы маем аднолькавыя каштоўнасці, якія фармуем на фестывалі. ![]() Мой фільм "Не бойцеся ісці супраць плыні. Канцэрт" зняты пра канцэрт, які адбыўся 24 красавіка мінулага года на плошчы Пілсудскага з нагоды кананізацыі Папы Яна Паўла II. Гэта не проста здымкі канцэрта, у фільме гучаць не толькі выказванні святога Папы, якія зачытваюць нашыя вядоўцы, але і выкарыстоўваюцца архіўныя матэрыялы, звязаныя з Янам Паўлам ІІ, дзе ён выказваецца на тэму маладосці, веры, надзеі і любові. Самі песні, выкананыя на канцэрце знакамітымі польскімі спевакамі, хоць і не не з’яўляюцца тыпова рэлігійнымі, але ў іх спяваецца пра веру і любоў. Гэты канцэрт, калі выказацца трохі метафарычна, бачыў з неба святы Папа — за сцэнай была вялікая лямпа, якая накіроўвала вялікі сноўп святла ў неба, і такім чынам нашыя гледачы нібы праз увесь час канцэрту мелі кантакт з небам». Адказвае Домагой Пейіч, Харватыя: «У Беларусі і на "Magnificat" я ўпершыню. Для мяне гэта сапраўды ўнікальны досвед — убачыць, як выглядае экуменізм на практыцы. Увогуле, тут я ўбачыў шмат добрага — нават больш, чым чакаў. Вельмі ўражвае постаць святога Папы Яна Паўла II. Ён навучыў мяне, як чалавек павінен годна пражыць сваё жыццё. Фільм, які я прывёз сюды – «Да Караля з любоўю» — гэта мая падзяка святому і яго сям’і. ![]() Я напісаў ужо тры кнігі, прысвечаныя Папу Яну Паўлу II. Першая — дзённік маёй пілігрымкі 2004 года з Загрэба ў Рым. За 27 дзён я пераадолеў тысячу кіламетраў, праходзячы ў дзень па 40 кіламетраў. Я бачыў, што Папа вельмі хворы, і маліўся ў яго інтэнцыі, ахвяруючы гэтую дарогу за яго. У дарозе я начаваў у парафіях, у дамах гасцінных людзей, аднаго разу давялося начаваць на вуліцы. На пачатку 2005 года мая кніга пабачыла свет. Я тады пайшоў на пошту і даслаў яе ў Ватыкан, проста падпісаўшы пасылку «Ватыкан. Мансеньёр Станіслаў Дзівіш». Праз тры тыдні я атрымаў адказ сакратара Папы з падзякай, дзе было напісана: Папа благаслаўляе мяне. Другая кніга «Santo subito» выйшла ў 2010 годзе. Гэта кніга пра тыя рэчы ў жыцці святога Папы, якія мяне ўразілі найбольш. На яе напісанне мяне натхніў апошні візіт святога Яна Паўла II у Польшчу, калі ён наведаў і родныя Вадавіцы. У трэцяй кнізе «Дом над Віслай» я распавёў пра жыццё маладога Караля Вайтылы ў Кракаве. Яна выйшла летась, тады ж у мяне ўзнікла ідэя стварыць дакументальнае кіно на аснове гэтай кнігі. Гэта мая трэцяя дакументальная праца, усе папярэднія здымаліся паралельна з напісаннем кніг. У фільме мы праходзім вуліцамі, якімі ў свой час хадзіў малады Караль Вайтыла, наведваем малавядомыя мясціны, звязаныя з жыццём маці святога Эміліяй Качароўскай». Размаўляла Кацярына Лаўрыненка
|