У мінскай парафіі Св. Яна Хрысціцеля адзначылі ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету | Друк |
Беларусь
23.11.2015 21:36

22 лістапада, у апошнюю нядзелю літургічнага года, супольнасць парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў Мінску сабралася, каб разам адзначыць урачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету.

Гэтая ўрачыстасць нагадвае не толькі аб другім прыйсці Езуса Хрыста, падчас якога Ён будзе судзіць жывых і памерлых, але і аб тым, што Хрыстус з’яўляецца Валадаром таксама ў сучасным свеце, тут і цяпер.

Святкаванне пачалося святой Імшой. У гаміліі кс. Аляксандр Мятліцкі SDB разважаў аб перспектыве Валадарства Божага для кожнага чалавека і звярнуў увагу вернікаў на тое, што сапраўднае валадарства прыходзіць не праз каштоўнасці сучаснага свету, а праз наследаванне Хрыста.

Вернікі прынеслі да алтара свае дары як сімвал плёнаў, якія атрымалі ад Пана на працягу года.

Забаўляльная частка ўрачыстасці, якую падрыхтавалі аніматары разам з салезіянамі-супрацоўнікамі і моладдзю, адбылася ў араторыі імя св. Яна Боско. Праграма мела назву «Ты – наш Цар, усяго свету Валадар».

Усе, хто завітаў на свята, былі падзелены на каманды і прымалі актыўны ўдзел у гульнях і конкурсах, прадстаўленых ў розных секцыях. Каманды праявілі не толькі фізічныя, але таксама мастацкія і інтэлектуальныя здольнасці. 

Паспяхова выконваючы заданні, каманды змаглі скласці абраз Езуса, Валадара Сусвету, што стала кульмінацыйным момантам праграмы.

Весела праводзілі час не толькі дзеці і моладзь: дарослыя таксама прынялі актыўны ўдзел у прапанаванай праграме. Самыя старэйшыя зрабілі прыгожую паштоўку, дзе пакінулі свае наказы і пажаданні малодшаму пакаленню, як у сур’ёзнай, так і ў жартоўнай форме.

Напрыканцы ўсіх запрасілі на агульны фотаздымак і салодкі пачастунак. Атмасфера еднасці, дабрыні і радасці панавала ў сценах араторыя ў гэты дзень. 

У смаргонскім араторыі таксама было падрыхтавана свята для дзяцей з нагоды ўрачыстасці Хрыста Валадара. Праграму ўрачыстасці для вялікай колькасці малодшых вернікаў падрыхтавалі кс. Павел Шчарбіцкі SDB, с. Валянціна Кот FMA і аніматары. Падчас яе дзецям трэба было здзейсніць вандроўку ў розныя "валадарствы": уважлівасці, хуткасці, спрытнасці, кемлівасці і інш.



Пасля вандроўкі дзеці шукалі зорку, якая павінна прывесці кожнага чалавека да сапраўднага Валадара, якім з'яўляецца Езус Хрыстус.

Паводле sdb.by (AG), (MV)

Фота sdb.by

 

 
© 2003-2025 Catholic.by