Беларускія скаўты сустрэлі Бэтлеемскі агонь на польска-беларускай мяжы (+відэа) | Друк |
Беларусь
18.12.2015 17:50

18 снежня на польска-беларускай мяжы ў Кузніцы беларускія скаўты атрымалі ад скаўтаў Польшчы ліхтар з Бэтлеемскім агнём, або Бэтлеемскае Святло міру. Такім чынам, Бэтлеемскі агонь ужо прыбыў у Беларусь.

Яго ўрачыстае ўнясенне ў катэдральны касцёл св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбудзецца 19 снежня ў 12.00, у той жа дзень Бэтлеемскі агонь распачне сваю падарожжа па Беларусі.

У Мінск агонь прыбудзе вечарам таго ж дня, яго ўрачыста ўнясуць у мінскую архікатэдру перад вечаровай Імшой на 18.30.

Вандроўка Бэтлеемскага агню кожны год праходзіць пад пэўным дэвізам. Сёлетні дэвіз — «Заўваж чалавека».



«Няхай Святло міру нас яднае, няхай дае нам шмат вытрымкі, супакою — а супакой вельмі патрэбны, — шмат любові, і каб гэты дэвіз “Заўваж чалавека” быў сталым госцем за ўсходняй мяжой», — адзначыў падчас перадачы Бэтлеемскага агню намеснік каменданта харугваў і скарбнік польскіх скаўтаў Анджэй Байкоўскі.

Польскі скаўт перадаў беларусам сімвалічны ліхтар з Бэтлеемскім Святлом міру і пажадаў несці яго далей, перадаючы тым, хто так чакае святло з Бэтлеема. «Бэтлеемскі агонь — гэта сімвал унясення дадому перад Божым Нараджэннем супакою, любові і братэрства», — заключыў Анджэй Байкоўскі.

За 29-гадовую гісторыю Бэтлеемскага Святла міру ў зменлівых палітычных умовах ніколі не здаралася, каб Святло не вырушыла з Бэтлеема ў свой шлях. Гэта і робіць Святло знакам міру, сведчаннем узаемаразумення і сімвалам яднання паміж народамі. У Беларусь агонь прыбыў дзякуючы скаўтам ужо ў 16 раз.

(IL)

 
© 2003-2025 Catholic.by