Унікальны відэазапіс з будучым беларускім біскупам Чэславам Сіповічам знойдзены ў інтэрнеце | Друк |
Беларусь
08.02.2016 12:01

Біскуп Чэслаў Сіповіч, адзін з беларускіх святароў-патрыётаў, які заснаваў Беларускую бібліятэку і музей ў Лондане, у 1940 годзе быў яшчэ дыяканам, вучыўся і жыў у Рыме.

Відэазапіс, на якім будучы іерарх выконвае абавязкі дыякана на грэка-каталіцкай літургіі, быў зроблены ў Папскім каледжы «Русікум» 15 красавіка 1940 года.

Знайшоў ролік на Youtube ксёндз Аляксей Ляшко, які зараз вучыцца ў Швейцарыі, апублікаваў спасылку ксёндз Сяргей Сурыновіч з Друі.

Чэслаў Сіповіч, які нарадзіўся ў 1914 годзе, паходзіў са шматдзетнай сялянскай сям’i беларусаў-католікаў Вінцэнта Сіповіча i Ядвігі Тычкі. Выхоўваўся ў Друйскім кляштары айцоў марыянаў, вучыўся ў Вільні і Рыме, абараніў доктарскую працу.



Атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне 16 чэрвеня 1940 года, з 1947 года стаў рэктарам Беларускай каталіцкай місіі ў Вялікабрытаніі. Хіратонія на біскупа адбылася 4 жніўня 1960 года. Удзельнік Другога Ватыканскага Сабору, дзе быў абраны ў камісію па справах Усходніх Цэркваў. Генерал супольнасці айцоў марыянаў у Рыме (1963—1969).

Біскуп Чэслаў Сіповіч актыўна займаўся не толькі духоўнай, але і беларускай грамадска-культурнай працай. Імкнуўся ён таксама быць прыкладам братэрскай любові, асабліва звяртаючы ўвагу на тое, каб не было канфліктаў паміж беларусамі-католікамі і беларусамі-праваслаўнымі.


Біскуп Сіповіч урачыста ўносіць святое Евангелле перад пачаткам сесіі Другога Ватыканскага Сабору. 12 лістапада 1965 года, дзень святога Язафата, арцыбіскупа Полацкага.

Беларускія грэка-каталіцкія епархіі, ліквідаваныя незаконна ўладамі царскай Расіі, фармальна існуюць і дагэтуль. Таму грэка-католікі Беларусі жывуць сёння спадзяваннем і марамі аб адпаведнай кананічнай структуры і спадзяюцца на заступніцтва перад Богам біскупа Чэслава Сіповіча.

Аляксандр Гелагаеў паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, кнігі айца Аляксандра Надсана «Біскуп Чэслаў Сіповіч: сьвятар і беларус».

 
© 2003-2024 Catholic.by