Місія «Чыстае сэрца» пачала адбор удзельнікаў фестывалю «Таленты чыстых сэрцаў». Сёлета гэты музычны конкурс пройдзе ў пяты раз. З нагоды свайго, магчыма, і невялікага, але ўжо значнага юбілею фестываль набудзе новы павеў.
Па традыцыі фестываль праходзіць для выхаванцаў дзіцячых дамоў, інтэрнатаў і цэнтраў карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Але ў гэтым годзе ён набыў рэспубліканскі характар: у адборачных турах прымуць удзел дзеці з установаў Мінска, Мінскай і Магілёўскай вобласці. Сам конкурс будзе праходзіць сярод не толькі музыкантаў і танцораў, але і мастакоў. Па выніках адбораў лепшыя выканаўцы змогуць прыняць удзел у чатырохдзённым пленэры, дзе развіццю іх талентаў пасадзейнічаюць прафесіяналы сваёй справы. Пераможца фінальнага канцэрту атрымае грашовы прыз. Заключным акордам фестывалю стане дабрачынны канцэрт у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі ў Бараўлянах перад Міжнародным днём абароны дзяцей.
Сёлета фестываль праходзіць пад дэвізам «У коле сям’і нараджаецца душа». Хаця некаторыя дзеці пазбаўлены сямейнай цеплыні, арганізатары вераць, што ў будучыні яны абавязкова змогуць стварыць свае шчаслівыя сем’і, а мастацтва і ўменне дзяліцца дабром адзін з адным, якія папулярызуюць дадзены фестываль, ім у гэтым дапамогуць. 
Першыя адборачныя этапы для Мінскай вобласці ўжо прайшлі ў Маладзечне (8 лютага), Уздзе (9 лютага) і Смалявічах (10 лютага). У першым адборачным этапе прынялі ўдзел 29 устаноў адукацыі Мінскай вобласці, было прадстаўлена каля 110 нумароў (песня, танец, мастацкае чытанне, харэаграфічная пастаноўка і інш.). Кожная ўстанова таксама прадставіла выстаўку выяўленчага мастацтва. У адборачным этапе ўдзельнічалі каля 600 дзяцей з педагогамі.
Адборачны этап праходзіў у рамках рэспубліканскага конкурсу «Вясёлкавы карагод».

Паводле serca.by
(AG) Фота serca.by
|