Выдадзены трэці том «Літургіі гадзінаў» на беларускай мове | Друк |
Беларусь
29.04.2016 21:15

Трэці том «Літургіі гадзінаў», які ахоплівае «Звычайны перыяд. I – XVII тыдзень», быў перакладзены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ і ўхвалены (Nr. 116/P/14) Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

Студыйнае выданне чарговага тома «Літургіі гадзінаў» стала магчымым дзякуючы падтрымцы Ордэну Меншых Братоў Капуцынаў у Беларусі. Непасрэдная падрыхтоўка кнігі да друку была здзейснена ў супрацоўніцтве прадстаўнікоў Ордэну з Секцыяй па перакладзе. Раней былі выдадзены першы і другі том «Літургіі гадзінаў».

20 красавіка 2016 г., падчас візіту ў Ватыкан, aрцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч перадаў у дар Святому Айцу першы экземпляр трэцяга томa «Літургіі гадзінаў» на беларускай мове.

Каардынатарам распаўсюджвання выдадзеных тамоў «Літургіі гадзінаў» у дыяцэзіях Беларусі з’яўляюцца браты капуцыны.

Замову на атрыманне кніг можна скласці праз e-mail: Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript


__________________
Даведка

«Літургія гадзінаў» (лац. Liturgia Horarum) – літургічная кніга, у якой сабраныя прадпісанні і тэксты для цэлебрацыі штодзённай малітвы Божага народу, гэта значыць Касцёла, якая складаецца з наступных частак: Гадзіны чытанняў, Ютрані, Малітвы на працягу дня, Нешпараў і Малітвы на заканчэнне дня – Камплеты. Для кожнай з гэтых частак, якія адбываюцца ў акрэсленыя гадзіны, падаюцца адпаведныя тэксты: гімны, антыфоны, псальмы, біблійныя і агіяграфічныя чытанні. Традыцыйная назва гэтай кнігі – «Брэвіярый» (лац. Breviarium).

У Каталіцкім Касцёле для цэлебрацыі Літургіі гадзінаў актуальна выкарыстоўваецца чатырохтомнік, які мае наступны падзел:

  • І том – «Перыяд Адвэнту. Перыяд Нараджэння Пана»
  • ІІ том – «Перыяд Вялікага посту. Святы Пасхальны Трыдуум. Велікодны перыяд»
  • ІІІ том – «Звычайны перыяд. І - XVII тыдзень»
  • ІV том – «Звычайны перыяд. XVIІI - XXXIV тыдзень»


Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў
і афіцыйных дакументаў Касцёла
Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ


 
© 2003-2024 Catholic.by