6 мая спаўняецца 90 гадоў з дня смерці адраджэнца, святара і паэта Казіміра Сваяка (Канстанціна Стаповіча).
Ушаноўваючы памяць гэтага святара, які ведаў важнасць і значэнне роднай мовы ў святынях і выкарыстанне яе ў набажэнствах, які цаніў і зберагаў беларускую культуру, падтрымліваў творцаў і іх працу і сам з’яўляўся творцам паэтычнага скарбу, змяшчаем некалькі яго твораў пра Беларусь, пра праўду і справядлівасць, валадарання якіх ён так прагнуў на сваёй Радзіме. Прад Богам
Язэп Драздовіч, «Космас», 1943 г.
Я глінай мяккай ў руках Тваіх, Божа, Дух мой асобны нічога не можа, Хоць з Тваёй ласкі і ў Тваёй сіле Я несмяртэльны нават і ў магіле. Я падарожны з высокай краіны, Шукаю шчасця, і кожнай часіны Мыслю: Крый Божа злуднае мары, — Жыцця ў раскошы без бед і ахвяры... Аднэй пацехі прашу Цябе, Пане, Дай зразуменне і ўмілаванне Праўды, што выйшаў з рук Тваіх я вольны Выбраць няшчасце ці рай упатольны. Хрысце
Язэп Драздовіч, «Прарок», 1931.
Хрысце, відзіш маё сэрца Маёй тайніцы душы: Табе малюсь у паняверцы, Мае слёзы асушы. Выракаюся я грэху, Шчыра плачу за блуды, Прышлі ж урэшце мне пацеху За нядолю, за труды. Даеш гора мне з патрэбы, Не забыў каб цноты я; Бо у шчасці не здалеў бы Паважаць красу жыцця... Але ж крыж уеўся ў плечы, Ланцугі у рук, у ног: Ворагі паднялі мечы, Каб паўстаці я не мог. Хрысце Езу, пасля мукі Меў жа Ты трыумфу час: Развяжы ж і нам ўжо рукі, Бо грахі прыдушылі нас... На дарогу да свабоды Дай жа нам святы Дар Твой: Благаслаў усе народы На збратанне, на спакой. Загляне сонца… 
Язэп Драздовіч, «Дом былога судзілішча Мінскага замка», 1920
Загляне сонца ў наша ваконца, Хатку асвеціць праменьмі — Па цёмнай ночы ажывіць вочы Боскім да працы натхненнем. Позна мы ўсталі, і шмат праспалі, Гойдалі злыдні нам долю — Пяялі песні нам напрадвесні, Радасці песню ў няволі. Заход смяяўся, каб ён даждаўся, У лапцёх што з труду мы спалі, — Усход нас мучыў цяжка-балюча: Хацеў, каб з душой мы прапалі. Абы балота, будзе ліхота: Дзёрлі нас нянькі-начніцы — Аж да жывога — мо з волі Бога — Кроў аж зрасіла зямліцу. Аж застагнала зямля ў падвалах, Неба пакрыў бліск агняны — З болю зямліцы, з крыві крыніцы Брат наш збудзіўся русняны. Асвеціць сонца яго ваконца, Злуду мар сонных развее — І выйдзе з плугам ён саматугам, Родненьку ніву засее. Груган з Усходу, а крук з Заходу Дарма там жыру шукае — Бо зерне спорна, у волю прасторна, Хутка пад неба ўзрастае. (AYU)
|