Мітрапаліт Кандрусевіч уручыў папу Бэнэдыкту XVI Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла на беларускай мове | Друк |
Беларусь
27.05.2010 17:11

27 мая 2010 г. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч уручыў папу Бэнэдыкту XVI Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла на беларускай мове. Беларускі іерарх знаходзіцца з візітам у Рыме, дзе прымае ўдзел у пленарным пасяджэнні епіскапату Італіі, на якім прадстаўляе Канферэнцыю Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

Святы Айцец, прымаючы сігнальны экземпляр Кампендыя, выказаў сваю радасць з нагоды выдання гэтай кнігі веры на беларускай мове.

«Катэхізіс Каталіцкага Касцёла. Капмендый», падрыхтаваны да друку ў выдавецтве «Про Хрысто» пры падтрымцы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, выйдзе 28 мая накладам у 5 тысяч экземпляраў. Пераклад выдання здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ.

Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла прадстаўляе ў форме пытанняў і адказаў усе істотныя і фундаментальныя элементы веры Каталіцкага Касцёла. Кампендый з’яўляецца асновай тэкстаў касцёльнай катэхезы. Дадзенае выданне стане базай для стварэння іншых кніг па евангелізацыі на беларускай мове.

Кампендый можна будзе набыць у мінскай кнігарне «Духоўная кніга» па адрасе: вул. Багдановіча, 25.

 
© 2003-2025 Catholic.by