Якой будзе твая вербачка ў Пальмовую нядзелю? | Друк |
Рознае
27.03.2015 17:18

Набытай па дарозе да касцёла ў бабулі, ці жанчыны, што ладзіць свой маленькі бізнэс у перадсвяточны перыяд, ці набытая ў парафіяльнай моладзі, якая цэлым гуртом рыхтавала вербачкі ўласнай фантазіі і вытворчасці? Ці, можа, фірмовая з кіёска ці крамы?

Магчыма, гэтую вербу ты зробіш сам, папярэдне наведаўшы лес, каб назбіраць усе патрэбныя кампаненты: галінкі вярбы, ядлоўцу, крыху бруснічніку? Потым дадасі некалькі каласкоў ці засушаных бяссмертнікаў, акуратна, вельмі густоўна перавязаўшы стужкаю, ці стужкамі…

Зараз існуе шмат спосабаў, каб прыйсці ў святыню з прыгожай “вербачкай”, альбо набытай, альбо зробленай уласнымі рукамі. Кожны падбірае пад свой густ і магчымасці. Напрыклад, вельмі часта святары падчас Імшы нясуць не галінкі вярбы з ядлоўцам, а галінкі пакаёвай пальмы, як гэта было ў часы Езуса Хрыста, якога і вітаў народ Ерузалема сапраўднымі галінамі пальмаў, што адпавядалі клімату той мясцовасці.

У Беларусі традыцыя рабіць асаблівыя вербачкі — «фірмовыя» — захавалася на Гродзеншчыне: у Адэльску, Індуры, Сапоцкіне. Тэхналогія гэтых вербачак, дарэчы, як і роспісу велікодных яек з Сапоцкіна, занесена ў рэестр элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, прынятых пад ахову на Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай радзе па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь.

У цяперашні час у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі ўключана 76 нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека.

Чым жа асаблівыя вербачкі Гродзеншчыны?

Усе гродзенскія вербы — плоскія (“лапаткі”), робяцца абавязкова на трох галінках белай вярбы.

Цікавы факт: у Беларусі ўвогуле налічваецца 16 відаў вярбы, але старэйшыя людзі не толькі на Гродзеншчыне, але і на Віцебшчыне і ў іншых рэгіёнах звяртаюць увагу, што не кожны від вярбы падыходзіць для «вербачкі». Напрыклад, бабуля з заходняй Віцебшчыны ніколі не будзе складаць сваю вербу з так званых галінак з коцікамі (вербалоз ці берднік), але знойдзе якраз патрэбную белую вярбу з лісткамі, да якой дадасць галінкі ядлоўцу.

Белая вярба:

Берднік:

Ядловец:

Аднак для традыцыйных вербачак з Гродзеншчыны ідзе не традыцыйны ядловец. Іх склад наступны:

«Для іх вырабу выкарыстоўваюць бяссмертнікі, жытнія і аўсяныя каласкі, разнастайныя травы: цімафееўку, канапельку, мятлік і іншыя. Ствараецца дэкаратыўная вертыкальная рытміка. Майстры маюць шырокі выбар розных па фактуры, пластычных магчымасцях матэрыялаў каларыстычнай палітры. Побач з травамі натуральнай прыроднай афарбоўкі, рознакаляровымі бяссмертнікамі, якія вытворцы вербаў спецыяльна вырошчваюць, ужываюцца расліны, пафарбаваныя штучнымі анілінавымі фарбавальнікамі (часцей за ўсё ў чырвоны, зялёны, ліловы, жоўты, аранжавы колер). Вырабы маюць сярэднія памеры, каля 50 сантыметраў.

Сёння асноўнымі носьбітамі традыцыі вырабу гродзенскіх велікодных вербаў з’яўляюцца чатыры сястры Сарасек (прозвішча дзявочае) з Гродна. Традыцыю перанялі ад продкаў і ў сваю чаргу далучаюць да яе сваіх родных, блізкіх, знаёмых.

Традыцыя вырабу гродзенскіх велікодных вербаў з’яўляецца лакальнай культурнай адметнасцю Гродзеншчыны і прызнаецца  як элемент народнай спадчыны», — паведамляецца на старонцы «Жывая спадчына Беларусі».

Падрыхтавала Аксана Ючкавіч

 
© 2003-2024 Catholic.by