Вернікі з Мінска здзейснілі пілігрымку «Чэнстахова-Лагеўнікі» | Друк |
Рознае
29.02.2016 15:12

65 пілігрымаў з Мінска наведалі 13 лютага санктуарый на Яснай Гары (Польшча). Арганізаваў пілігрымку цэнтр «Пілігрым» касцёла свв. Сымона і Алены.

У Яснагорскiм санктуарыi знаходзіцца цудатворны абраз Найсвяцейшай Панны Марыі ў Чэнстахове, да якога кожны год прыбываюць пілігрымы з Беларусі і ўсяго свету.

Вернікі здзяйсняюць пілігрымкі да Маці Божай Чэнстахоўскай, прыбываючы туды з інтэнцыямі, каб прасіць аб Божым бласлаўленні, маліцца за ўсіх, хто падарожнічае па зямных шляхах, і ўзгадаць у малітве тых, хто ўжо падарожнічае па шляхах вечнасці.

Пілігрымка пачалася святой Імшой у санктуарыі Найсвяцейшай Панны Марыі ў Чэнстахове. Пазней група прайшла Крыжовы шлях, разважаючы пра цярпенні Збаўцы. Таксама пілігрымы прынялі ўдзел у Яснагорскай малітве ў капліцы цудатворнага абраза, якая яднае многіх людзей у розных частках свету. Вернікі падзякавалі Маці Божай за апеку.


Удзельнікі пілігрымкі наведалі таксама Кракаў, пазнаёміліся са шматлікімі касцёламі старога горада з вуліцай Кананічнай, дзе знаходзяцца «папскія вокны», Вавелем, Казімежам, санктуарыем у Лагеўніках, дзе цэлебравалася Імша за ўсіх пілігрымаў.

У Лагеўніках пілігрымы слухалі ўрыўкi з дзённіка святой сястры Фаўстыны Кавальскай, дзе святая прыгадвае, як Езус у сваіх аб’яўленнях сказаў ёй напісаць Яго абраз — сімвал Божай Міласэрнасці. Урыўкі чаргаваліся з лірычнымі спевамі: вернікі чыталі Божае слова і спявалі псальмы.

Магчыма, самым запамінальным момантам для пілігрымаў была адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту ў капліцы Божай Міласэрнасці перад абразом Езуса Міласэрнага.

Пасля малітвы Ружанца адбылася святая Імша.

Вернікі ўдзячныя за арганізацыю пілігрымкі пробашчу парафіі Свв. Сымона і Алены ксяндзу Уладзіславу Завальнюку і супрацоўнікам цэнтра «Пілігрым» Чырвонага касцёла.

Алена Шыпунова, фота аўтара




 
© 2003-2024 Catholic.by