Індульгенцыя (або адпуст) у Каталіцкім Касцёле | Друк |
Рознае
15.05.2009 15:34

Якія асацыяцыі ўзнікаюць у нас, хрысціянаў XXI ст., калі чуем слова «індульгенцыя»? Ці ведаем самі і ці можам растлумачыць іншым, асабліва людзям іншых веравызнанняў, што сёння стаіць за гэтым тэрмінам? Ці можна цяпер набыць індульгенцыю, і як яна выглядае? Калі гэтыя пытанні выклікаюць у вас пэўныя складанасці, то прапануем вам пазнаёміцца з цяперашнім разуменнем індульгенцый у Вучэнні Каталіцкага Касцёла.

Пытанне індульгенцый, вельмі значнае ў XVI ст. пасля абнародвання 95-ці тэзісаў Марціна Лютэра, што стала пачаткам Рэфармацыі, застаецца і дагэтуль для многіх актуальным.

Што датычыць зместу індульгенцый, то каталіцкае вучэнне не адыходзіць ад тлумачэнняў пра іх, якія даў яшчэ Трыдэнцкі Сабор (1545–1563 гг.) у адказ на крытыку лютэранаў і для выпраўлення яўных злоўжыванняў з боку католікаў таго часу.

Злоўжыванне індульгенцыямі у каталіцкай практыцы ў тую гістарычную эпоху датычылася двух момантаў: памылковага ўяўлення пра тое, што адпушчэнне часовай кары вызваляе і ад віны, замяняючы сакрамэнт споведзі, а таксама грашовыя зборы, звязанныя з індульгенцыямі.

Індульгенцыя (у літургічных тэкстах Каталіцкага Касцёла ў Беларусі выкарыстоўваецца тэрмін «адпуст») — гэта форма духоўнай рэабілітацыі, якую Касцёл з мацярынскім клопатам прапануе сваім дзецям, што атрымалі духоўныя раны ў выніку ўчыненага граху.

Адпуст — гэта дар Святога Духа, і дар гэты чалавек атрымлівае пры захаванні канкрэтных умоваў. Гэта не штосьці фармальнае, для чаго дастаткова выканаць пэўныя умовы і прадпісанні. Насамрэч гэта форма сапраўднага духоўнага лячэння, дзякуючы якому нашая воля імкнецца да праўдзівага дабра, а наш розум дакладна вызначае і выбірае ісціну.

Пачынаючы з XVI ст. да нашых дзён Папы ўпарадкавалі практыку атрымання адпустаў, устанавіліі іх колькасць і сапраўднасць. Сучасная каталіцкая тэалогія зрабіла некаторыя агаворкі пра іх значнасць. Адпуст — гэта ўдзел усёй касцёльнай супольнасці на шляху выратавання праз малітву і супольны заклік да Бога, здзяйсненне ўчынкаў, падказаных Евангеллем.

Кожны, хто хоча аднавіць свае духоўныя сілы з дапамогай атрымання адпусту, павінен выконваць наступныя ўмовы: вырачыся граху (душа павінна быць ад яго свабоднай), павінен мець жаданне і намер скарыстацца дарам адпусту, а таксама здзейсніць добры ўчынак, вызначаны Касцёлам (малітва, пілігрымка, наведванне хворых і інш.).

Адпуст бывае частковым і поўным. Частковы адпуст можна атрымаць у двух выпадках: пасля выканання справы, з якой Касцёл звязвае частковую індульгенцыю, а таксама пры частковым выкананні ўмоваў для поўнага адпусту.

Існуе чатыры разнавіднасці ўчынкаў, з якімі Каталіцкі Касцёл звязвае атрыманне адпусту: малітва, служэнне (у духу міласэрнасці чалавек ахвяруе сябе на карысць тых, каму патрэбна дапамога), ахвяра (адмаўленне ад чагосьці), сведчанне веры ў штодзённым жыцці.

Атрыманне ж поўнага адпусту звязана з наступнымі патрабаваннямі: 1) пасля споведзі чалавек павінен быць цалкам свабодным ад граху; 2) цвёрдае пастанаўленне атрымаць адпуст; 3) прыняць Хрыста ў Эўхарыстыі; 4) памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца.

Юбілейны адпуст — гэта поўны адпуст, атрымаць які можна ў тым ліку і за ўчынкі, з якімі звычайна звязана частковая індульгенцыя. У Святы год можна атрымаць юбілейны адпуст за дапамогу бедным, вызначаныя малітвы.

Каталіцкі Касцёл заахвочвае ўсіх вернікаў пры кожнай магчымасці карыстацца гэтым вялікім дарам. Аднак найперш неабходна зразумець яго сутнасць, адрачыся ад граху і быць адкрытым на Божую ласку і дапамогу Касцёла.

Паводле матэрыялаў procatholic.ru
 
© 2003-2024 Catholic.by