Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Першая адвэнтавая антыфона | Друк |
Рознае
27.11.2016 00:00

Большасць людзей здольныя глыбей увайсці ў малітву, калі паклапоцяцца пра свой унутраны супакой. Таму ў пачатку кожнай штодзённай малітвы мы будзем прапаноўваць адно практыкаванне супакою і праводзіць вас праз яго.

Можа стацца, што некаторыя з іх будуць дзейснымі больш за іншыя, таму адзначай, што дапамагае табе найлепшым чынам, каб пасля ты мог гэтым карыстацца. Сёння мы пастараемся прыняць і адчуць мудрасць свайго цела. Мы часта ігнаруем яе. Калі ж прыслухаемся, цела можа загаварыць да нас і адкрыць тое, што прапусціла нашая свядомасць.

Ты можаш сядзець, стаяць, праходжвацца. Заўваж, як ты сябе адчуваеш у сваім целе. Табе цёпла ці холадна? Камфортна ці не вельмі? Расслаблена, напружана? Звярні ўвагу, як ногі датыкаюцца зямлі, абутку ...працягвай свой шлях па целу вышэй — аж да плячэй, адзначаючы па ходзе свае адчуванні… гэтаксама прайдзіся ўздоўж рук ад пальцаў да плячэй… часта мы назапашваем напружанне менавіта ў плячах… калі ты яго заўважыў, адпусці яго... рухайся далей — да галавы і мышцаў твару… калі сустракаеш якое-небудзь напружанне, пастарайся хоць крыху пазбавіцца яго… вакол вачэй, вуснаў, сківіц… вызваляйся ад напружання, калі выдыхаеш паветра, уяўляй, што ты аддаеш яго Богу, выпускаеш яго ў Бога.

Ці адчуваеш зараз, што тваё цела хоча табе сёння сказаць?

Антыфона:

Мудрасць, што паходзіш з вуснаў Найвышэйшага,
Ты распасціраешся ад краю да краю,
распараджаешся ўсім з моцай і лагоднасцю;
прыйдзі і навучы нас шляхам разважнасці.

Давай вернемся да самага пачатку: да стварэння свету і падзення, і паслухаем звязаную з тым наступную гісторыю.

Бог быў у захапленні ад усяго, што стваралася праз Яго словы. Аднак сатана ад зайздрасці плёў інтрыгі, каб сапсаваць Божую справу. Бачачы, што Божая сіла тоіцца ў слове, якое выходзіць з Яго вуснаў, сатана сказаў Богу: «Дазволь мне апячатаць Твой язык і спакушаць стварэнне. Мы тады ўбачым, ці можа яно паклапаціцца пра сябе само».  Як гэта не дзіўна, Бог пагадзіўся. І сатана узяўся за працу, спакушаючы людзей да сапсавання. Наступствы граху былі вельмі яўнымі для спрадвечных Божых вачэй. Бог звярнуўся да сатаны і падняў адзін палец. Сатана зразумеў, што Бог захацеў вымавіць толькі адно слова і вырашыў дазволіць яго. У рэшце рэшт, што можа зрабіць адно слова ў абліччы ўсяго зла, якое распаўсюдзілася па зямлі, і граху, які ўжо ўвайшоў у звычку і пранізаў усё чалавецтва. Да таго ж сатана спадзяваўся высмеяць бяссільнасць Бога, таму ён зняў пячатку з Божага языка. А Бог ужо быў гатовы вымавіць гэта адно слова і ўдыхнуць у яго ўсю паўнату сваёй Любові і Мудрасці. І слова, якое выйшла з вуснаў Божых, было... «Езус».

Прачытай павольна ўрывак з Евангелля ад Лукі пра тое, як Мудрасць уваходзіць у наш свет: «У шосты месяц Бог паслаў анёла Габрыэля ў горад галілейскі, называны Назарэт, да Дзевы, заручанай з мужам па імені Юзаф, з дому Давіда, а імя Дзевы — Марыя. Анёл, увайшоўшы да Яе, сказаў: “Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою”. Яна ж збянтэжылася ад словаў ягоных і разважала, што гэта за прывітанне. І сказаў Ёй анёл: “Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана. Вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус”».

Мудрасць Бога — гэта Дзіця, народжанае маладой жанчынай у нязначным гарадку ў знясіленай краіне з карумпіраванымі лідарамі, якія супрацоўнічаюць з Рымам.  

Задумайся над гэткім адказам Бога. Правядзі некаторы час з Марыяй, якая атрымлівае вестку «Вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус».

Становішча свету прыгнятае нас. Мы прагнем, каб Бог, нарэшце, умяшаўся і натхніў ясным мысленнем усіх тых, хто прымае важныя рашэнні, якія ўплываюць на жыццё мільярдаў людзей, асабліва бедных. Мы марым, каб нашыя лідары былі мудрымі.

Памолімся за ўсіх свецкіх і рэлігійных лідараў, каб яны здолелі адкрыцца на Божую мудрасць.

Святкуючы Божае Нараджэнне, мы паказваем дзіўную прыроду Божай мудрасці. Адказ Бога на цяжкае становішча ў свеце тады і цяпер і заўсёды — Езус.

Што Бог паказвае асабіста табе фактам свайго ўцелаўлення?

Калядны перыяд — гэта не нагода, каб схавацца ад свету, поўнага цяжкіх праблемаў, клопатаў, няшчасця. Гэта асаблівы час для таго, каб заўважыць, як Бог прагне ўвайсці ў наш свет.

У Адвэнце мы часта чуем спеў:

Вось Пан Бог надыходзіць,
са святымі прыбывае,
і святло ўсім заяснее.
Аллелюя, аллелюя!

Як і чым табе хочацца адказаць гэтаму Богу, Які ўваходзіць у свет?

aАдвэнтавыя рэкалекцыі падрыхтаваны айцамі езуітамі для шматмоўнага сайта «Прастора малітвы» (facebook.com). Пераклад на беларускую мову і апрацоўка тэкстаў — Тэрэса Клімовіч.

Гл. таксама Адвэнт на Catholic.by: рэкалекцыі з ігнацыянскімі разважаннямі.

 
© 2003-2024 Catholic.by