Візіт аd limina — дзень трэці | Друк |
Канферэнцыя Біскупаў
14.12.2009 19:45

Трэці дзень візіту аd lmina apostolorum у Апостальскую Сталіцу, 14 снежня 2009 г., беларускія біскупы распачалі наведваннем Папскай рады па сродках масавай камунікацыі. Падчас сустрэчы з кіраўніцтвам Рады іерархі нашай краіны пазнаёміліся з найноўшымі дасягненнямі сучасных мас-медыя.

У ходзе сустрэчы была падкрэслена неабходнасць грунтоўнай падрыхтоўкі семінарыстаў і свецкіх асобаў у гэтай галіне. Як было адзначана, мас-медыя развіваюцца вельмі хутка, і Касцёл, на жаль, не заўсёды паспявае за іх развіццём, такім чынам губляючы новыя магчымасці ў галіне евангелізацыі. Фундаментальнай задачай у развіцці Касцёла ў наш час з’яўляецца адкрыць нанава значэнне мас-медыя, якія дапамогуць не толькі захаваць веру ў сучасных абставінах глабалізацыі, але і з новай энергіяй абвяшчаць Евангелле.

Значная ўвага падчас сустрэчы была прысвечана лічбавай культуры, якая займае ўсё больш пазіцый у свеце. Яна, з аднаго боку, нясе новыя магчымасці, а з іншага — небяспеку. Праблемай, між тым, з’яўляюцца не самі мас-медыя, але тое, што яны нясуць людзям. Як было падкрэслена, яны павінны стаць для кожнага чалавека сродкам сустрэчы з Евангеллем. Калі ж Касцёл не будзе належным чынам іх выкарыстоўваць, то застанецца шмат у чым вінаватым перад Хрыстом.

Падчас наведвання беларускімі іерархамі Папскай рады па сродках масавай камунікацыі гаварылася і аб тым, што сёння менавіта мас-медыя займаюцца выхаваннем чалавека. З гэтай прычыны становіцца важным тое, як выкарыстоўваць іх у новай культуры. Менавіта таму была выказана занепакоенасць падрыхтоўкай спажыўцоў сродкаў масавай інфармацыі. Забарона на іх выкарыстанне, як было падкрэслена, не прынясе добрага плёну — патрэбна фармацыя новага чалавека ў абставінах, якія нясе новая культура.

Сустрэча беларускіх каталіцкіх біскупаў з прадстаўнікамі Папскай рады па сродках масавай камунікацыі яшчэ раз пацвердзіла, што, калі Касцёл хоча працягваць справу евангелізацыі і годна адказваць на выклікі і патрабаванні часу, яму трэба шырэй выкарыстоўваць мас-медыя.  

14 снежня 2009 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI удзяліў прыватныя аўдыенцыі біскупам нашай краіны — Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу, дапаможнаму біскупу Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антонію Дзям’янку, Апостальскаму адміністратару Пінскай дыяцэзіі кардыналу Казіміру Свёнтку, дапаможнаму біскупу Пінскай дыяцэзіі Казіміру Велікасельцу і біскупу Гродзенскаму Аляксандру Кашкевічу.

Сустрэча беларускіх біскупаў са Святым Айцом прайшла ў шчырай і сардэчнай атмасферы. Папа цікавіўся сённяшнім становішчам, развіццём і праблемамі Каталіцкага Касцёла ў цэлым і ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў прыватнасці. Пантыфік даў станоўчую ацэнку перспектывам развіцця Касцёла ў нашай краіне і з вялікім задавальненнем сустрэў паведамленне аб пазітыўным развіцці адносін з Праваслаўнай Царквой і грамадскасцю.

Пасля абеду ў базыліцы святога Паўла за мурамі беларускія біскупы разам са святарамі канцэлебравалі святую Імшу, якую ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч.

 
© 2003-2024 Catholic.by