Паведамленне з пасяджэння Рады па справах сям’і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі | Друк |
Канферэнцыя Біскупаў
21.02.2011 18:11

21 лютага 2011 г. у Бярозаўцы (Гродзенская дыяцэзія, Навагрудскі дэканат) адбылося пасяджэнне Рады па справах сям’і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Пасяджэнне ўзначаліў старшыня Рады па справах сям’і дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка.

У сустрэчы ўдзельнічалі таксама новыя члены Рады, якіх біскупы прызначылі дыяцэзіяльнымі душпастырамі сем’яў: кс. Андрэй Стапыра (Гродзенская дыяцэзія) і а. Станіслаў Вашкевіч SAC (Пінская дыяцэзія). Яны замянілі адпаведна ранейшых душпастыраў кс. Тадэвуша Крыштопіка і а. Конрада Патыку. Рада па справах сям’і выказала ўдзячнасць былым душпастырам Гродзенскай і Пінскай дыяцэзій за іх працу на карысць сем’яў.

Падчас пасяджэння абмяркоўвалася падрыхтоўка да «духоўнага ўсынаўлення», якое адбудзецца ў нашай краіне ва ўрачыстасць Звеставання Пана. Акцыі «духоўнага ўсынаўлення» будзе папярэднічаць Паведамленне ККББ, у якім выказваецца заахвочванне да малітвы за дзяцей, якім пагражае забойства ва ўлонні маці. Як і штогод, для беларускіх вернікаў будуць надрукаваны фармуляры з малітвай за новае жыццё, якое знаходзіцца пад пагрозай. У ходзе пасяджэння звярталася ўвага і на тое, каб у кожнай парафіі вяліся кнігі па «духоўным усынаўленні».

Закраналася таксама справа перадшлюбнай падрыхтоўкі ў парафіях. Засноўваючыся на распараджэнні епіскапату Беларусі, Рада нагадала аб неабходнасці праходжання 10 катэхезаў у падрыхтоўцы да сужэнства. Каб аблегчыць святарам працу, будуць выдадзены дыскі, на якіх даступнай мовай будуць прадстаўлены катэхезы. Было таксама прынята рашэнне надрукаваць «Дырэкторый душпастырства сем’яў» для нашай краіны.

Падчас пасяджэння абмяркоўвалася таксама сітуацыя людзей, якія жывуць у шлюбе без касцёльнага благаслаўлення. Падкрэслівалася неабходнасць клопату святароў у дачыненні гэтых людзей, асабліва падчас каляды — душпастырскага наведвання сем’яў у перыяд Божага Нараджэння.

Удзельнікі сустрэчы прыйшлі да высновы, што рухі ў падтрымку сем’яў, якія дзейнічаюць у Беларусі, павінны больш супрацоўнічаць паміж сабой.

Наступная сустрэча Рады па справах сям’і адбудзецца ў маі 2011 г. у Мінску.

А. Пётр Фраштэнга, сакратар Рады па справах сям’і пры ККББ


 
© 2003-2024 Catholic.by