Паведамленне старшыні ККББ біскупа Аляксандра Кашкевіча з нагоды абрання на Пятровую Сталіцу новага папы Францішка | Друк |
Канферэнцыя Біскупаў
14.03.2013 13:46

Паведамленне на польскай мове >>>

Да святароў, кансэкраваных асобаў і вернікаў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Паважаныя святары і сёстры законныя!
Умілаваныя вернікі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі!

13 лютага 2013 г. кардыналы ў другі дзень канклаву выбралі Наступніка св. апостала Пятра. Ім стаў аргенцінскі кардынал Хорхе Марыа Берголіа.

Дзякую за вашу малітву за папу Бэнэдыкта XVI, які па волі Божай прыняў рашэнне, каб лодка Пятровая стала даверана новаму Папу.

Дзякую таксама за вашу малітву ў інтэнцыі кардыналаў, асабліва падчас канклаву. Выбар Папам кардынала Хорхе Марыа Берголіа так, як і кожны выбар новага Папы, з’яўляецца для паўсюднага Касцёла доказам дзеяння Духа Святога.

У чарговы раз праз абранне Святога Айца мы пераканаліся, што Хрыстус прысутны ў сваім Касцёле, і так, як у евангельскім здарэнні на ўзбураных хвалях возера, звяртаецца да нас: «Не бойцеся, Я з вамі».

Дзякуем Пану Богу ў Тройцы Адзінай, што мы маем новага Папу, які абраў сабе імя Францішак, што звязана, як можна здагадацца, з бедным і простым жыццём св. Францішка з Асізі, а адначасова з евангельскім запалам св. Францішка Ксаверыя, вялікага езуіцкага місіянера.

Наш Папа ў сваёй першай прамове звярнуўся да сабраных на плошчы Святога Пятра з просьбай аб малітве, падчас чаго запанавала красамоўнае засяроджанне. Умілаваныя браты і сёстры ў Хрысце Пану, трываем на малітве ў інтэнцыі нашага папы Францішка, які распачынае свой Пантыфікат. Святы Айцец разлічвае на нашу малітоўную падтрымку, каб ён мог плённа спаўняць паслугу св. Пятра ў Касцёле — «умацавання братоў у веры». З’яднаемся ўсе ў адной малітве даручэння Пану Богу і Найсвяцейшай Маці Святога Айца Францішка.

Няхай Пан Бог спашле на Яго шчодрае благаслаўленне і адорыць яго Пантыфікат багатым плёнам па меры сённяшніх выклікаў і патрэбаў Касцёла Хрыстовага.

Яднаюся з вамі ў малітве падчас велікапосных рэкалекцый, якія я зараз праводжу, і ад сэрца ўсім благаслаўляю.

Аляксандр Кашкевіч, біскуп Гродзенскі
Старшыня ККББ

Лондан-Бірмінгем, 14 сакавіка 2013 г.

 
© 2003-2024 Catholic.by