Паведамленне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі адносна змены лацінскіх слоў у формуле ўступных абрадаў хросту дзяцей | Друк |
Канферэнцыя Біскупаў
28.11.2013 17:04
 
Незадоўга да свайго адыходу з Апостальскага Пасаду Святы Айцец Бэнэдыкт XVI распарадзіўся, каб былі зменены лацінскія словы формулы ўступных абрадаў хросту дзяцей.
 
Формула, якая дагэтуль гучала: «Дарагія дзеці, хрысціянская супольнасць прымае вас з вялікай радасцю (лац. Magno gaudio communitas Christiana te (vos) excipit)», была зменена так, каб замяніць выраз хрысціянская супольнасць.
 
Папа Бэнэдыкт XVI жадаў, каб у абрадзе хросту была ясна выражана праўда, што гэта Божы Касцёл – ва ўсёй сваёй паўсюднай, каталіцкай сутнасці – прымае кандыдатаў да хрысціянства, а не зразуметая розным чынам хрысціянская супольнасць.
 
Выраз хрысціянская супольнасць (лац. communitas Christiana) быў згодна з воляй Святога Айца і моцаю дэкрэту Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў ад 22.02.2013 года заменены выразам Касцёл Божы (лац. Ecclesia Dei).
 
Гэты дэкрэт абавязвае з 31 сакавіка 2013 года. Мясцовыя Канферэнцыі Біскупаў павінны ўвесці змены ў нацыянальных выданнях Парадку хросту дзяцей.
 
Дэкрэт Кангрэгацыі (Prot. N. 44/13/L) устанаўлівае змены ў тых пунктах кнігі Парадку хросту дзяцей, дзе выступае выраз хрысціянская супольнасць прымае цябе/вас і г.д. У сувязі з гэтым ва ўсіх ніжэйпададзеных пунктах «Парадку хросту дзяцей дастасаванага для дыяцэзій на Беларусі» (Мінск 2004), трэба змяніць гэты выраз на новы:
  • нумар 41: N. i N. (або: Дарагія дзеці), Касцёл Божы прымае вас з вялікай радасцю (…);
  • нумар 79: N., Касцёл Божы прымае цябе з вялікай радасцю (…);
  • нумар 111: Дарагія дзеці, Касцёл Божы прымае вас з вялікай радасцю (…);
  • нумар 142: N. i N. (або: Дарагія дзеці), Касцёл Божы прымае вас з вялікай радасцю (…);
  • нумар 175: Дарагія дзеці, Касцёл Божы прымае вас з вялікай радасцю (…);
  • нумар 211: N., Касцёл Божы, разам з тваімі бацькамі (…).


Біскуп Аляксандр Кашкевіч
Старшыня Канферэнцыі
Каталіцкіх Біскупаў Беларусі
 
Мінск, 22 лістапада 2013 года
 
Дадатак: 
Абрад прыняцця дзяцей 

 
© 2003-2024 Catholic.by