Зварот Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі ў сувязі з візітам Дзяржаўнага Сакратара Папы Францішка кардыналa П'етро Параліна | Друк |
Канферэнцыя Біскупаў
06.03.2015 11:59

«Благаслаўлёны той,
хто прыходзіць у імя Пана» (Мк 11, 9).


Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

Як паведаміла Апостальская Нунцыятура ў Беларусі, 12-15 сакавіка 2015 г. нашу краіну, па запрашэнні дзяржаўных уладаў, наведае Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці Папы Францішка Яго Эмінэнцыя кардынал П'етро Паралін. Візіт найбліжэйшага супрацоўніка Пантыфіка — гэта знак павагі Апостальскай Сталіцы і асабіста Пантыфіка да Беларусі і Каталіцкага Касцёла ў нашай Айчыне.

Падчас візіту кардынал П'етро Паралін сустрэнецца з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь і іншымі высокапастаўленымі афіцыйнымі асобамі, а таксама асвяціць вуглавы камень Апостальскай Нунцыятуры, якая будуецца. У праграме візіту шаноўнага госця прадугледжана сустрэча з Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Паўлам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, і Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. Асаблівае значэнне будуць мець сустрэчы кардынала з моладдзю і вернікамі.

14 сакавіка 2015 г. у касцёле св. Сымона і св. Алены ў Мінску ў 20.00 з удзелам кардынала П'етро Параліна распачнецца Міждыяцэзіяльнае велікапоснае начное чуванне моладзі пад дэвізам «Не адкладвайце навяртання» (Сір 5, 7). На наступны дзень, 15 сакавіка, у 10.00 кардынал П'етро Паралін узначаліць святую Імшу з удзелам дзяцей у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі звяртаецца да святароў, кансэкраваных асобаў і вернікаў маліцца аб поспеху гэтага візіту і заклікае прыняць актыўны ўдзел у вышэйузгаданых набажэнствах. Асабліва запрашаюцца моладзь і дзеці на сустрэчу і малітву з кардыналам П'етро Паралінам.

Маладыя людзі, прыйдзіце і засведчыце перад прадстаўніком Святога Айца, што вы ёсць у Касцёле і што Касцёл у Беларусі малады і поўны надзеі! Бацькі, зрабіце ўсё магчымае, каб вашы дзеці сталі актыўнымі ўдзельнікамі гэтай важнай падзеі ў жыцці нашага Касцёла!

Вы – будучыня нашай Айчыны і будучыня Касцёла. Яна будзе радаснай і светлай, калі мы будзем яе будаваць на хрысціянскіх каштоўнасцях. Няхай сустрэча з пасланнікам Папы Францішка і супольная малітва стане благаслаўлёным часам для ўсіх нас як падчас Вялікага посту, так і ў нашым жыцці.

Каталіцкія Біскупы Беларусі

P.S. Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэты зварот вернікам у нядзелю 8 сакавіка 2015 г.

 
© 2003-2024 Catholic.by