Адбылося пасяджэнне Рады па справах сям’і пры ККББ | Друк |
Канферэнцыя Біскупаў
17.06.2015 12:08

16 чэрвеня ў курыі Пінскай дыяцэзіі прайшло пасяджэнне Рады па справах сям’і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Сустрэчу ўзначаліў старшыня Рады біскуп Антоні Дзям’янка.

У пасяджэнні прынялі ўдзел таксама нацыянальны душпастыр сем’яў, нацыянальны дарадчык па справах сямейнага жыцця, дыяцэзіяльныя душпастыры сем’яў і дыяцэзіяльныя дарадчыкі па справах сямейнага жыцця.

Падчас пасяджэння былі абмеркаваны наступныя пытанні:

1. Узгоднена праграма сёлетняй Нацыянальнай пілігрымкі сем’яў да Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Гродне (Дзевятоўка), якая адбудзецца 12 верасня.

Праграма: 10.00 – рэгістрацыя ўдзельнікаў; 10.30 – прывітанне ўдзельнікаў; 11.00 – выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту і святы Ружанец; 12.00 – урачыстая святая Імша і аднаўленне сужэнскіх абяцанняў; 13.30 – абед; 14.30 – канферэнцыя; 15.00 – інсцэніроўка; 15.30 – Вяночак да Божай Міласэрнасці; 16.00 – заканчэнне.  

Дэвіз сёлетняй пілігрымкі – “Любоў — нашае пакліканне. Сям’я, якая жыве ў паўнаце”.

У адпаведнасці з распараджэннем Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі вернікі ў месяцы кастрычніку будуць маліцца Ружанец у інтэнцыі сем’яў і Сінода Біскупаў на тэму сям’і, які набліжаецца. Дыяцэзіяльныя душпастыры сем’яў будуць заахвочваць пробашчаў да разважання ў гэтым месяцы над катэхезамі на тэму сям’і “Любоў — нашае пакліканне. Сям’я, якая жыве ў паўнаце”. Надрукаваныя катэхезы даступныя ў дыяцэзіяльных душпастыраў сем’яў.
 
2. Былі таксама абмеркаваны ініцыятывы, звязаныя з абаронай жыцця ад зачацця да натуральнай смерці.

3. Наступнае пасяджэнне Рады па справах сям’і запланавана на 27 кастрычніка 2015 г. у Пінску.

А. Пётр Фраштэнга
сакратар Рады па справах сям’і пры ККББ


 
© 2003-2024 Catholic.by