60-е пасяджэнне ККББ адбылося ў Мінску | Друк |
Канферэнцыя Біскупаў
18.09.2015 14:29

18 верасня ў курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі адбылося пазачарговае 60-е пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

У пасяджэнні прынялі ўдзел Старшыня ККББ Мiтрапалiт Мiнска-Магiлёўскi арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Вiце-старшыня біскуп Віцебскі Алег Буткевiч, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, Генеральны сакратар ККББ дапаможны бiскуп Гродзенскай дыяцэзii Юзаф Станеўскі, дапаможны бiскуп Мiнска-Магiлёускай архiдыяцэзii Юрый Касабуцкі і Апостальскi вiзiтатар для грэка-католiкаў Беларусi архімандрыт Сяргей Гаек.

Бiскупы разгледзелi некаторыя актуальныя пытаннi дзейнасцi Каталiцкага Касцёла ў Беларусi i прынялi праграму наступнага пасяджэння, якое адбудзецца 27 кастрычнiка ў Пiнску i будзе прымеркавана да 90-годдзя заснавання Пiнскай дыяцэзii i 145-годдзя нараджэння яе першага бiскупа Слугi Божага Зыгмунта Лазiнскага.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч праiнфармаваў сабраных іерархаў аб Пленарнай Асамблеi Рады Бiскупскiх Канферэнцый Еўропы, якая мела месца на Святой Зямлi 11-16 верасня. Таксама Мітрапаліт распавеў аб цяжкай сiтуацыi хрысцiян на Святой Зямлi i перадаў бiскупам заклiк яе католiкаў малiцца аб мiры на гэтай зямлi i аб паспяховым вырашэннi ўсiх праблем.

(DN), (AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by